Літаратурна-музычная імпрэза «Дай, мова беларуская, руку…», прысвечаная Дню роднай мовы, адбылася 22 лютага 2016 года на філалагічным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы.
З прывітальным словам да вялікай залы звярнулася дэкан філалагічнага факультэта Іна Самсонаўна Лісоўская. Сваім разуменнем сутнасці паэтычнага выказвання «Багата, родная ты мова!» падзялілася загадчык кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Алена Станіславаўна Садоўская.
Шчыра зала вітала і запрошаных гасцей – гродзенскіх пісьменнікаў: старшыню Гродзенскага абласнога аддзялення «Саюз пісьменнікаў Беларусі»Людмілу Кебіч, Ганну Скаржынскую-Савіцкую, Віктара Кудлачова, Ірыну Фамянкову, Мікалая Іваноўскага і Антона Янкоўскага. Эмацыйна-лірычнымі прамовамі, чытаннем сваіх вершаў гродзенскія творцы вельмі ўдала пераканалі прысутных, што ў паэзіі кожнае слова мае свой і колер, і смак, і водар. Што менавіта Яе Вялікасць Паэзія адорвае цудатворным уменнем тварыць Хараство, шукаць таямніцу ў вечным, светлым і святым.
Пільнай увазе гасцей, студэнтаў і выкладчыкаў былі прапанаваны жартоўная віктарына з дастаткова гаваркой назвай «Папацей, грамацей!», а таксама прагляд двух відэаролікаў: гэта гучна-гімнічная купалаўская «Мая малітва» і прэзентабельнае студэнцкае інтэрв’юіраванне «Якая мова для мяне родная і чаму?»
Аздобілі свята «дзіўнай музыкай слоў, іграннем пачуццяў на ліры» студэнцкае выкананне кранальна-прыгожай песні «Простыя словы» і ўрачыстае выступленне вакальнага ансамбля «Ясніца» (мастацкі кіраўнік – Ю. Стрыжычэнка).
Такі прыемны падарунак да Дня роднай мовы зрабілі кафедра беларускай літаратуры і кафедра беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства, каб кожны філолаг мог упэўнена і годна сказаць «Да мяне прытулілася Слова...».
З усімі навінамі філалагічнага факультэту можна пазнаеміцца тут.