Юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пры падтрымцы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь 17-18 сакавіка 2016 гады правёў XVIII міжнародную навукова-практычную канферэнцыю Праватворчасць і правапрымяненне як фактар эфектыўнага развіцця сучасных эканамічных сістэм».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел навукоўцы з 40 устаноў адукацыі і арганізацый Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы і Вялікабрытаніі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Генадзь Аляксеевіч Гачко, які адзначыў важную ролю права ў вырашэнні сучасных пытанняў эканамічнага развіцця. Таксама гасцей павітала дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Ягораўна Чабуранава.
Пленарнае пасяджэнне адкрыў прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, доктар гістарычных навук, прафесар нашай ВНУ Іван Аляксандравіч Басюк. Вучоны прадставіў даклад «Новыя навуковыя падыходы ў асвятленні гісторыі распрацоўкі і прыняцця Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года». Таксама з пленарным дакладам выступіў загадчык кафедры канстытуцыйнага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Васілевіч Рыгор Аляксеевіч.
Свае даклады аўдыторыі прадставілі супрацоўнікі Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, навукоўцы і даследчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
На канферэнцыі ўдзельнікі прааналізавалі праблемы праватворчасці і правапрымянення, сфармулявалі прапановы і рэкамендацыі, накіраваныя на ўдасканаленне нарматыўнага прававога рэгулявання для развіцця сучаснай эканомікі.
З усімі навінамі юрыдычнага факультэта можна азнаёміцца тут.