Больш за 100 студэнтаў і магістрантаў Беларусі на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску змадэлявалі працу структур Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Сярод удзельнікаў - студэнты юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мейліс Тачмамедаў і Марына Нікіфарэнка.
Адкрылі мерапрыемства Пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха, кіраўнік дэпартамента грамадскай інфармацыі ААН Віктар Радзівіноўскі і намеснік дэкана факультэта міжнародных адносін БДУ Андрэй Селіванаў. У прывітальнай прамове госці асаблівую ўвагу надалі рэалізацыі мэтаў ўстойлівага развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і выказалі зацікаўленасць у далейшым пашырэнні Мадэлявання ААН.
Затым адбыліся першыя сесіі мадэляваных органаў. Ролевая гульня «Мадэль ААН - 2016» праводзілася на англійскай і французскай мовах і была прысвечана абмеркаванню такіх важных праблем чалавецтва, як удзел дзяцей ва ўзброеных канфліктах і міграцыйны крызіс у Еўропе, фінансаванне ўстойлівага развіцця і ўзмацненне ролі моладзі ў развіцці, уплыў сэксуальнага і гендэрнага гвалту на рэпрадуктыўнае здароўе, а таксама рэалізацыя правоў людзей з інваліднасцю.
Кожны ўдзельнік ролевай гульні ўяўляў асобную краіну-ўдзельніцу таго ці іншага структурнага падраздзялення ААН. Дэлегатам неабходна было вывучыць пазіцыю прадстаўляемай дзяржавы, яе фінансавыя і палітычныя магчымасці, разгледзець найбольш вострыя праблемы адпаведнага рэгіёну, прапанаваць прымальныя, арыгінальныя шляхі вырашэння і аргументаваць свой выбар.
«Гульні, накшталт той, у якой мы прынялі ўдзел, вельмі важныя ў практычнай падрыхтоўцы студэнта. Дзякуючы мадэляванню Арганізацыі Аб'яднаных Нацый кожны ўдзельнік меў магчымасць выпрабаваць сябе ў ролі гэтага дэлегата. Нам выпаў гонар прымаць удзел у мадэляваных пасяджэннях ЭКАСАС (Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН), прадстаўляючы ў гэтым органе Вялікабрытанію, Грузію і Японію. Зносіны са студэнтамі з іншых ВНУ нашай краіны і каардынатарам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па Беларусі пакінула незабыўныя ўражанні ад удзелу ў мадэляванні ААН», - распавялі студэнты юрыдычнага факультэта.
Па выніках мерапрыемства купалаўцы атрымалі памятныя падарункі і сертыфікаты ўдзельнікаў.
З усімі навінамі юрыдычнага факультэта можна азнаёміцца тут.