Гісторыю, літаратуразнаўства, экалогію і турысцка-рэкрэацыйны патэнцыял Гродзенскага рэгіёну абмеркавалі на буйным навуковым форуме «Край Гарадзенскі».
У гэтым годзе канферэнцыя сабрала больш за 250 удзельнікаў. Сярод іх вучні школ, гімназій і ліцэяў горада, а таксама выкладчыкі і студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч і Святлана Валянцінаўна Марозава, дацэнты Сяргей Уладзіміравіч Данскіх, Іван Іванавіч Траццяк, Віталь Рыгоравіч Карнялюк, Віктар Аляксандравіч Белазаровіч і Сяргей Уладзіміравіч Амелька, выкладчыкі Святлана Віктараўна Чувак, Ульяна Аляксандраўна Жылка і Аляксандр Сяргеевіч Горны ўзначалілі працу журы на 24 секцыях.
Па выніках III абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў «Край Гарадзенскі» звыш 50 юных удзельнікаў былі адзначаны дыпломамі I, II і III ступеняў. Таксама былі названы лепшыя даклады ў намінацыях «Летапісец роднага краю» і «Плённае навуковае супрацоўніцтва вучня і настаўніка».
Не менш важным вынікам удзелу школьнікаў у абласным навуковым форуме стала знаёмства з выкладчыкамі і студэнтамі. Навукоўцы з ГрДУ імя Янкі Купалы дапамаглі пачаткоўцам даследчыкам раскрыць свой навуковы патэнцыял і вызначыцца з напрамкамі будучых пошукаў. Студэнты паказалі магчымасці для далейшага навуковага і прафесійнага росту на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму. Таму першы крок у навуку для многіх юных даследчыкаў стаў і першым крокам да свайго прафесійнага самавызначэння ў сценах купалаўскага ўніверсітэта.
Правядзенне такога прадстаўнічага рэгіянальнага форуму юных даследчыкаў роднага краю стала магчымым дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага г. Гродна.
З усімі навінамі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму можна азнаёміцца тут.