Прэзентацыя новага навуковага зборніка навуковых прац «Хораўскія чытання. Выпуск II: Памяць культуры. Гродна ў жыцці і творчасці Зоф'і Налкоўскай» на філалагічным факультэце сабрала літаратараў, лінгвістаў і філолагаў нашай ВНУ.
Адказны рэдактар зборніка прафесар кафедры замежных моў Святлана Піліпаўна Мусіенка, вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, распавяла пра тое, што кніга падрыхтавана ў рамках праекта «Сусветная культура: этнас у святле гісторыі і сучаснасці». Выданне прысвечана вывучэнню спадчыны Заслужанага дзеяча навукі Расійскай Федэрацыі, прафесара, доктара філалагічных навук В.А. Хорава, які з'яўляецца заснавальнікам новага кірунку ў літаратуразнаўстве - імагалогіі.
Словы віншавання і падзякі ў адрас вучоных прагучалі ад дэкана філалагічнага факультэта Іны Самсонаўны Лісоўскай і прафесара кафедры беларускай філалогіі Ігара Васільевіча Жука.
Дацэнт кафедры польскай філалогіі Анатолій Аляксандравіч Брусевіч прачытаў свой верш пра партрт Зоф'і Налкоўскай, і тым самым звярнуў увагу прысутных на тое, што кніга таксама звязана з вывучэннем значэння Гродна ў творчасці выбітнай польскай пісьменніцы ХХ стагоддзя. Зоф'я Налкоўская жыла ў нашым горадзе ў 1922-1927 гг., займалася грамадскай дзейнасцю, апекавала вязняў гродзенскай турмы, удзельнічала ў культурна-асветніцкай дзейнасці горада, курыравала маладых пісьменнікаў і, галоўнае, вяла дзённік і стварала мастацкія творы, прысвечаныя Гродна.
Варта адзначыць, што арганізатарам «Хораўскіх чытанняў» з'яўляецца навукова-дыдактычны каардынацыйны цэнтр «Міжнародны інстытут Адама Міцкевіча» ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Па матэрыялах гэтых чытанняў рэгулярна выдаюцца зборнікі навуковых прац, якія аб'ядноўваюць даследчыкаў некалькіх краін. Большасць удзельнікаў - сябры, вучні, калегі В.А. Хорава, паслядоўнікі і прадаўжальнікі яго адкрыццяў, навукоўцы, якія маюць свае навуковыя школы, якія прадстаўляюць новыя напрамкі ў літаратуразнаўстве, якія адкрываюць свету новыя бакі творчасці вядомых і незаслужана забытых дзеячаў культуры.
Аўтары, якім былі ўручаны асобнікі зборніка, адзначылі важнасць такіх публікацый і прэзентацый, якія становяцца сапраўдным святам кнігі.
З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна азнаёміцца тут.