Замежныя слухачы факультэта давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы з Ірана, Зімбабвэ, Конга, Нігерыі і Шры-Ланкі ў суправаджэнні выкладчыкаў рускай мовы Ліліі Міхайлаўны Шумскай і Таццяны Уладзіміраўны Чаркес наведалі дом-музей беларускага паэта Максіма Багдановіча. Экскурсія адбылася ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры.
Работнікі музея пазнаёмілі гасцей з асаблівасцямі культурнага жыцця Гродна канца XIX - пачатку XX стагоддзя, а таксама з творчасцю знакамітага паэта. Замежным слухачам распавялі пра жыццё сям'і Максіма Багдановіча, пра вучобу і захапленні маладога поэта, пра яго любоў да роднай зямлі. Наведвальнікі музея ўбачылі фатаграфіі, рукапісы, лісты, дакументы і першае выданне кнігі «Вянок» - адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў паэта.
Займальным і пазнавальным быў аповяд экскурсавода пра іншых вядомых людзей Гродзеншчыны і Беларусі: пра ўклад у развіццё культуры вядомых пісьменніц і грамадскіх дзеячаў Элізы Ажэшкі і Алаізы Пашкевіч (Цёткі), пра гераічную барацьбу і гібель за свабоду беларусаў Кастуся Каліноўскага. Замежныя госці ўбачылі выданне Бібліі з партрэтам першадрукара Беларусі Францыска Скарыны. Цікавым для навучэнцаў з Азіі і Афрыкі аказалася знаёмства з арыгінальнымі прадметамі беларускага побыту: мэбляй, посудам, цацкамі канца XIX - пачатку XX стагоддзя.
У канцы экскурсіі супрацоўнікі музея прапанавалі гасцям загадаць жаданні перад адным з экспанатаў музея - магічным люстэркам. Кажуць, што жаданні, загаданыя перад люстэркам, якому больш за 100 гадоў, абавязкова спраўджваюцца.