Замежныя навучэнцы факультэта давузаўскай падрыхтоўкі наведалі Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мэта экскурсіі - прафесійная арыентацыя для тых, хто яшчэ канчаткова не вызначыўся з выбарам будучай спецыяльнасці.
З прывітальным словам да гасцей звярнулася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Юлія Міхайлаўна Сідаровіч. Яна распавяла пра магчымасці і перспектывы вучобы ў Гуманітарным каледжы, а таксама пра тое, якія перавагі маюць выпускнікі пры атрыманні вышэйшай адукацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
У суправаджэнні выкладчыкаў кафедры рускай мовы як замежнай і лінгвістычных дысцыплін Ліліі Міхайлаўны Шумскай і Таццяны Уладзіміраўны Чаркес замежныя слухачы факультэта давузаўскай падрыхтоўкі пабывалі ў мастацкіх майстэрнях, музычных кабінетах, камп'ютарных класах. Экскурсаводы з гонарам распавядалі, што аўдыторыі ўпрыгожвалі самі навучэнцы - будучыя мастакі-дызайнеры. Замежныя слухачы даведаліся пра багатую на падзеі гісторыю каледжа - адной з найстарэйшых сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі. Слухачам прапанавалі падняцца па прыступках «шчаслівай лесвіцы», якая з'яўляецца адным з сімвалаў каледжа.
Завяршылася сустрэча ва ўнутраным дворыку-музеі. Там навучэнцы ўбачылі сцяну памяці загінулым гродзенцам, расстраляным падчас Вялікай Айчыннай вайны. Музей пад адкрытым небам ствараецца сумеснымі намаганнямі творчага калектыву выкладчыкаў і навучэнцаў Гуманітарнага каледжа.