У гэтым годзе навуковая сустрэча была прысвечана 175-годдзю з дня нараджэння Элізы Ажэшкі. Ініцыятарам канферэнцыі выступілі навукова-дыдактычны каардынацыйны цэнтр «Міжнародны Інстытут Адама Міцкевіча» і яго старшыня - прафесар кафедры замежных моў філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, прафесар, доктар філалагічных навук Святлана Мусіенка.
Ажэшкаўская праблематыка аб'яднала вучоных купалаўскага ўніверсітэта, Інстытута інтэрдысцыплінарных і параўнальных даследаванняў «Усход - Захад» Універсітэта ў Беластоку, кафедры прыкладной паланістыкі Гданьскага ўніверсітэта, філалагічнага факультэта БДУ і супрацоўнікаў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэка імя Я.Ф. Карскага.
– Гасцей і ўдзельнікаў канфэрэнцыі сабраў пад сваім дахам аддзел выданняў на замежных мовах Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага, - расказала Святлана Піліпаўна. - Не будзе перабольшаннем сказаць, што ўдзельнікі міжнароднага навуковага форуму змаглі перажыць атмасферу творчасці пісьменніцы, наведаць мемарыяльны пакой Элізы Ажэшкі, убачыць арыгінальныя экспанаты і паслухаць аповяд экскурсавода - загадчыцы аддзела выданняў на замежных мовах Ларысы Сцяпанаўны Лотыш.
Навуковая сустрэча доўжылася два дні: на працягу гэтага часу навукоўцы прадставілі свае даследаванні, адкрыцці, абмяняліся думкамі.
Сапраўдным літаратурным падарожжам стала паездка па памятных мясцінах Элізы Ажэшкі, якая пражыла ўсё жыццё на Гарадзеншчыне: магіла пісьменніцы на старых каталіцкіх могілках у Гродна, наднёманскімі Багатырэвічы і Міневічы, родная ёй Мілкаўшчына.
– У Мілкаўшчыне ўдзельнікаў канферэнцыі чакаў сюрпрыз - у былой школе імя Элізы Ажэшкі на энтузіязме практычна аднаго чалавека працуе Музей, экскурсія па якім дазваляе зразумець, якой была малая Радзіма пісьменніцы ў часы Элізы Ажэшкі і якой стала цяпер, - адзначыла Святлана Мусіенка.
З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна азнаёміцца тут.