У дні школьных канікул 28 дзевяцікласнікаў сярэдняй школы № 2 г. Свіслач наведалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Сустрэча пачалася з экскурсіі па галоўным корпусе нашай альма-матэр. Наведаўшы галерэю «Універсум», галерэю ветэранаў і галерэю прафесараў, школьнікі накіраваліся ў музей гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы. Супрацоўнікі музея пазнаёмілі будучых абітурыентаў з гісторыяй развіцця ўніверсітэта, яго дасягненнямі і выбітнымі дзеячамі. З велізарнай цікавасцю госці слухалі інфармацыю, адказвалі на пытанні і задавалі іх самі.
Праграма наведвання ўніверсітэта ўключала таксама прафарыентацыйную кансультацыю, якую для навучэнцаў правялі педагогі-псіхолагі Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі моладзі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Алёна Глушань і Вольга Альбіцкая.
- Пакідаючы сцены нашага ўніверсітэта, школьнікі дзяліліся ўражаннямі і абяцалі вярнуцца сюды ў якасці абітурыентаў, - расказала Алёна Глушань. - Неабходна адзначыць, што такая форма ўзаемадзеяння са школьнікамі як экскурсія становіцца ўсё больш запатрабаванай. У гэтым навучальным годзе ў рамках адукацыйных маршрутаў купалаўскі ўніверсітэт наведала каля сотні вучняў з Гродзенскага рэгіёна.
З усімі навінамі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі можна азнаёміцца тут.