Метадычны практыка-арыентаваны семінар «Навукова-даследчая работа ў школе на сучасным этапе» прайшоў на базе Радунской сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з настаўнікамі-філолагамі школ Воранаўскага раёна. Семінар у аспекце рэалізацыі практыка-арыентаванага навучання быў накіраваны на аказанне метадычнай дапамогі настаўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў арганізацыі эфектыўнай навукова-даследчай работы вучняў па беларускай мове і літаратуры.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуліся загадчык кафедры беларускай літаратуры Аліна Сабуць і загадчык кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Алена Садоўская. Таксама ў семінары прынялі актыўны ўдзел дацэнты кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Нона Шандроха, Станіслаў Янушкевіч і дацэнт кафедры беларускай літаратуры Руслан Казлоўскі.
Навуковы кіраўнік семінара Нона Шандроха акцэнтавала ўвагу на актуальнасці навукова-даследчай працы ў сучаснай школе. У прыватнасці, разгледзела метадалогію і методыку школьнага навуковага даследавання, а таксама дала метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі навукова-даследчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
- Запрошаныя на семінар настаўнікі-філолагі мелі магчымасць пазнаёміцца з правіламі афармлення работы і крытэрамі яе ацэньвання, з метадычнымі парадамі па складанні прэзентацыі і арганізацыі вуснага выступлення па школьным даследаванні, з пералікам магчымых навукова-даследчых тэм па беларускай мове і літаратуры, - адзначыла Нона Эдмундаўна, - На сустрэчы былі паказаны тыповыя недахопы і памылкі вучняў пры напісанні навуковых прац і публічнага выступу па даследаванні.
Падчас працы семінара была таксама праведзена прафарыентацыйная работа з мэтай запрашэння вучняў выпускных класаў школ Воранаўскага раёна на філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Цеснае супрацоўніцтва са школьнымі настаўнікамі-калегамі спрыяе рэалізацыі ўніверсітэцкай канцэпцыі практыка-арыентаванага навучання, дапамагае акцэнтаваць увагу на дзейныя характарыстыкі педагагічнай прафесіі, што асабліва запатрабавана на сучасным этапе адукацыі, - падкрэсліла Аліна Сабуць.
З усімі навінамі філалагічнага факультэта можна азнаёміцца тут.