Змаганне эрудытаў - гэта адно з мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва кафедрай міжнароднага бізнесу і маркетынгу. Традыцыйна ўдзельнікамі турніру становяцца не толькі студэнты факультэта эканомікі і кіравання, але і факультэта псіхалогіі.
Арганізатарамі тэматычнай інтэлектуальнай гульні з'яўляюцца ўдзельнікі праекта «Школа лідарства» і старшы выкладчык кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Ларыса Скварцова.
Стартавала гульня са знаёмства студэнтаў з гісторыяй, мэтамі і традыцыямі Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва, тэма якога сёлета прысвечана інавацыйнаму мысленню. Прадоўжыўся турнір шматлікімі заданнямі на кемлівасць.
– Чаму ў 1988 годзе на лагатыпе кампаніі Nestle знікла адно птушаня? З якой мэтай буйная сетка фінскіх гіпермаркетаў уводзіць касы запаволенага абслугоўвання? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі каманды знаўцаў факультэта эканомікі і кіравання і факультэта псіхалогіі падчас правядзення інтэлектуальнай гульні «Бізнес эрудыт», - расказала Ларыса Леанідаўна.
У барацьбе за перамогу першае месца заваявала каманда факультэта псіхалогіі, на другім месцы з адрывам толькі ў адзін бал скончыла гульню каманда пяцікурсніц спецыяльнасці «Сусветная эканоміка», на трэцім месцы апынуліся студэнты 3 курса спецыяльнасці «Камерцыйная дзейнасць».
З усімі навінамі факультэта эканомікі і кіравання можна азнаёміцца тут.