Акцыя прайшла ў Гродне 17 снежня сумесна з Гродзенскай экастудыяй.
Студэнты факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў рамках экаакцыі наведалі мінілекцыі аб правільным выбары прадуктаў харчавання, бытавой хіміі, дзіцячых цацак і касметыкі. На майстар-класах купалаўцы стваралі падарункавыя пакуначкі з перапрацаванай паперы з арыгінальным прынтам і рабілі натуральны скраб з молатай кавы.
– Таксама мы навучыліся рабіць хатні маянэз, які смачнейшы, таннейшы і больш карысны большасці тых, што мы купляем у супермаркетах, - падзяліліся студэнты.
Каардынатар таварыства «Зялёная сетка» і лідар грамадскага аб'яднання веласіпедыстаў «ВелаГродна» Юлія Каляда ўзнагародзіла падарункамі самых актыўных актывістаў-эколагаў, у іх ліку былі прадстаўнікі грамадскага экалагічнага руху «Зялёны Дазор», журналісты, спецыялісты ў галіне адукацыі ў рамках устойлівага развіцця і ўдзельнікі экастудыі - купалаўцы. У канцы сустрэчы візажыст Марыя Кучынская расказвала і паказвала ўдзельнікам сустрэчы, як можна выкарыстоўваць натуральную касметыку.
– Прыемна, што купалаўцы прысвяцілі свой дзень экаакцыі. У нас атрымалася вельмі дружалюбная і адкрытая атмасфера! Хацелася б павіншаваць усіх з надыходзячым Новым годам. Хай у наступным годзе свет стане яшчэ крышачку больш экалагічным. Бо вялікія справы пачынаюцца з маленькіх крокаў, - падкрэсліла выкладчык-стажор кафедры экалогіі Яніна Камароўская.
З усімі навінамі факультэта біялогіі і экалогіі можна азнаёміцца тут.