Алімпіяда праходзіла на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На ўдзел у ёй было пададзена 302 заяўкі з 20 універсітэтаў. У іх ліку заяўка ад каманды «Купалінка» факультэта эканомікі і кіравання купалаўскага ўніверсітэта.
Наш універсітэт прадстаўлялі студэнткі-пяцікурсніцы спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» Юлія Гапонік, Віялета Паўловіч, Дыяна Ракаловіч і студэнт 3 курса спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» Сямён Соркін.
Конкурс праводзіўся вочна і завочна і складаўся з двух частак - каманднай і індывідуальнай. На папярэднім этапе для каманднага заліку патрабавалася рашэнне эканамічнага кейса, а для індывідуальнага - напісанне эсэ на тэму перспектыў еўрапейскай эканамічнай інтэграцыі. Па выніках адбору ў фінальную стадыю трапілі 20 індывідуальных удзельнікаў і 14 каманд.
– Вочны тур спаборніцтваў уяўляў сабой складаны 8-гадзінны конкурсны дзень, падчас якога ўдзельнікі вырашалі задачы па сусветнай эканоміцы, паказвалі ўзровень валодання замежнай мовай, вырашалі тэст на агульнае веданне сусветнай эканомікі і кейс, - распавяла ўдзельніца алімпіяды Юлія Гапонік. - Па выніках першага дня ў фінал было адабрана 6 каманд, якія прадставілі рашэнні кейса «Стратэгія і тактыка дыверсіфікацыі таварнага экспарту Рэспублікі Беларусь».
Ацэньвалі працы канкурсантаў прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага інавацыйнага фонду, Банка Развіцця, Асацыяцыі Еўрапейскага бізнесу, БДУ, БДЭУ і Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Нашы студэнты годна адстойвалі сваю пазіцыю і аргументавана адказвалі на ўсе правакацыйныя пытанні журы, што не раз зрывалі апладысменты залы. Абыйдучы супернікаў са сталічных універсітэтаў і ГомГУ імя Францыска Скарыны, купалаўцы падняліся на трэцюю прыступку пастамента і былі адзначаны членамі журы як самая бойкая каманда.
– Акрамя каштоўных прызоў ад спонсараў алімпіяды мы атрымалі запрашэнне ад прадстаўніка Банка Развіцця на тыднёвую стажыроўку, а супрацоўнік Асацыяцыі Еўрапейскага Бізнесу прапанавала нам прыняць удзел у конкурсе стажыровак на вядучых прадпрыемствах краіны і замежжа, - падзялілася Юлія Гапонік.
Акрамя эканамічных заданняў было яшчэ асобнае спаборніцтва па валоданні англійскай мовай, якое дапускала аўдзіраванне, лексіка-граматычны тэст, тэсціраванне на ўзровень гутарковай мовы з дапамогай рашэння невялікага кейса на эканамічную тэму і яго прэзентацыя. У індывідуальным заліку наш студэнт Сямён Соркін па-майстэрску справіўся з заданнямі і ўразіў журы сваім красамоўствам. Па выніках конкурсу ён быў узнагароджаны дыпломам III ступені.
З усімі навінамі факультэта эканомікі і кіравання можна азнаёміцца тут.