Па выніках візіту гасцей з Латвіі бакі дамовіліся паглыбіць узаемадзеянне па шырокаму спектру напрамкаў, пашырыць кантакты ў межах правядзення мерапрыемстваў і падрыхтаваць сумесныя праектныя заяўкі для міжнародных праграм.
Прадстаўнікі фізіка-тэхнічнага факультэта купалаўскага ўніверсітэта і Вышэйшай школы бізнэсу, мастацтваў і тэхналогій «RISEBA» абмеркавалі перспектывы стварэння сумеснага беларуска-латвійскага інавацыйнага цэнтра на базе школы з мэтай прасоўвання сумесных распрацовак і тэхналогій, пашырэння магчымасцяў удзелу беларускага боку ў міжнародных праектах.
– Візіт адбыўся па ініцыятыве нашага факультэта, які зацікаўлены ў прасоўванні ўласнай прадукцыі і паслуг на еўрапейскім рынку, ва ўсталяванні прадуктыўных сувязяў з замежнымі партнёрамі ў рамках міждысцыплінарных праектаў, - падкрэсліў дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман.
Для абмеркавання перспектыў узаемадзеяння ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прыбыў кіраўнік філіяла «RISEBA» у Даўгаўпілсе Вольга Іванова і каардынатар праектнай дзейнасці Юрыс Асарс. Ад нашага ўніверсітэта ў сустрэчы прымалі ўдзел прадстаўнікі фізіка-тэхнічнага факультэта, факультэтаў эканомікі і кіравання, мастацтваў і дызайну, а таксама інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
Варта адзначыць, што Вышэйшая школа бізнесу, мастацтваў і тэхналогій «RISEBA» з'яўляецца прыватнай вышэйшай навучальнай установай з 24 гадовым вопытам. Установа прапануе канкурэнтаздольную адукацыю і падрыхтоўвае спецыялістаў і кіраўнікоў высокага ўзроўню ў сферы бізнесу для працы ў міжнародным асяроддзі.
«RISEBA» акрэдытавана ў Міністэрстве адукацыі і навукі Латвійскай Рэспублікі і атрымала акрэдытацыю міжнароднай якасці (International Quality Accreditation) Міжнароднай Асацыяцыі развіцця менеджменту ў дынамічных грамадствах (CEEMAN). Вышэйшая школа бізнесу, мастацтваў і тэхналогій з'яўляецца адзінай вышэйшай школай сярод Балтыйскіх краін, якая атрымала дзве акрэдытацыі EPAS ад Еўрапейскага фонду развіцця менеджменту (EFMD).
З усімі навінамі фізіка-тэхнічнага факультэта можна азнаёміцца тут.