У актавай зале сярэдняй школы № 38 г. Гродна 15 студзеня 2016 года адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 90-гадоваму юбілею з дня нараджэння Ганаровага жыхара г. Гродна, франтавіка і ветэрана Узброеных Сіл, палкоўніка ў адстаўцы Мікалая Ільіча Лагуткіна. У сустрэчы прыняў удзел актыў курсантаў ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы на чале з камандзірам батальёна курсантаў падпалкоўнікам Яўгеніем Анатольевічам Скіба.
Мікалай Ільіч - адзін з тых заслужаных грамадзян, кім ганарыцца Гродзенскі рэгіён і ўся наша краіна.
Мікалай Лагуткін патрапіў на фронт у 17 гадоў. З 1943 г. па май 1945 г. ваяваў у складзе Варонежскага, 1-га і 2-га Украінскіх франтоў, вызваляў Варонежскую вобласць і Украіну, удзельнічаў у разгроме Корсунь-Шаўчэнкаўскай групоўкі праціўніка і ў баях на тэрыторыі Малдавіі, Румыніі, Польшчы, Германіі і Чэхаславакіі.
У пасляваенныя гады Мікалай Ільіч праходзіў службу на Украіне. У 1951 годзе з адзнакай скончыў курсы лейтэнантаў ў Горкаўскім ваенным вучылішчы і быў накіраваны для праходжання службы ў групу савецкіх войскаў у Германіі. У 1956 здаў экстэрнам экзамены за поўны курс Львоўскага пяхотнага вучылішча, а затым скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
З 1957 года Мікалай Лагуткін служыў у Беларускай ваеннай акрузе: спачатку - у Брэсце, затым - у Гродна. З 123-га артпалка 30-й гвардзейскай Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі трапіў у Чэхаславакію, адкуль праз шэсць гадоў звольніўся ў запас. Затым яшчэ многія гады ветэран выкладаў пачатковую ваенную падрыхтоўку ў сярэдняй школе № 12 горада Гродна.
Сярод яго ўзнагарод - ордэн Славы III ступені і ордэн Айчыннай вайны II Ступені, медалі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За бездакорную службу» I і II ступені і многія іншыя.
Нягледзячы на ўзрост, Мікалай Ільіч працягвае весці актыўную грамадскую працу, з'яўляецца членам прэзідыума Кастрычніцкага раённага Савета ветэранаў г. Гродна, уносіць важкі ўклад у грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі.
Курсанты ваеннага факультэта па праве ганарацца героямі Вялікай Айчыннай вайны і Другой сусветнай вайны, якія атрымалі перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ўнеслі неацэнны ўклад у вызваленне народаў Еўропы і ўсяго свету. Іх вялікі подзвіг застанецца ў стагоддзях і заўсёды будзе служыць вышэйшай праявай патрыятызму, маральнасці і вернасці абавязку.
З усімі навінамі ваеннага факультэта можна азанаёміцца тут.