Разам з выкладчыкамі кафедры рускай мовы як замежнай і лінгвістычных дысцыплін Ірынай Рыгораўнай Краскоўскай і Таццянай Уладзіміраўнай Чаркес замежныя слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы 9 лютага 2016 года пабывалі з экскурсіяй у Музеі гісторыі пажарнай службы.
Кіраўнік музея Ірына Качан расказала гасцям пра ўнікальнасць і гістарычную каштоўнасць будынка пажарнай каланчы для Гродна ў прыватнасці і Беларусі ў цэлым, паказала старадаўнае абсталяванне для тушэння агню, касцюмы і галаўныя ўборы пажарных. Замежныя слухачы даведаліся пра пажар 1885 года, у выніку якога згарэла 70% нашага горада, а таксама аб дапамозе жыхарам Гродна, якую аказвала вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка.
У экспазіцыі музея замежнікі ўбачылі мадэлі тэхнікі XIX-XX стст., арыгіналы дакументаў, фатаграфіі і мноства іншых незвычайных экспанатаў. Акрамя таго, экскурсавод наглядна прадэманстравала, якім чынам складвалася вяроўка для таго, каб з яе дапамогай можна было выратаваць чалавека з палаючага будынка.
У канцы экскурсіі слухачы паглядзелі фільм Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі. Так замежнікам нагадалі аб захаванні мер пажарнай бяспекі ў студэнцкіх інтэрнатах.
З усімі навінамі факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі можна азнаёміцца тут.