Ужо стала добрай традыцыяй сустракаць у пачатку жніўня ў Купалаўскім універсітэце замежных грамадзян – удзельнікаў Летняй школы беларускай мовы і культуры «Пад светлым імем Купалы», якая сёлета праводзіцца ўжо чацвёрты раз.
Летняя школа беларускай мовы і культуры – адукацыйна-асветніцкі праект навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта для тых, хто цікавіцца мовай, літаратурай, культурай, гісторыяй і традыцыямі Беларусі.
За час навучання слухачы паглыбіліся ў вывучэнне беларускай мовы, пазнаёміліся з народным фальклорам, абмеркавалі прыгажосць паэтычных радкоў, а таксама сталі ўдзельнікамі літаратурнай гасцёўні. Акрамя таго, для замежных гасцей правялі пазнавальныя экскурсіі ў Музей гісторыі рэлігіі і Стары замак.
Сёння, 14 жніўня, слухачы школы абмеркавалі дзіцячую беларускую літаратуру, удзельнічалі ў інтэрактыўным квэсты, а таксама выканалі караоке па-беларуску.
Час навучання набліжаецца да завяршэння, і ўжо заўтра, 15 жніўня, падчас урачыстай цырымоніі закрыцця Летняй школы беларускай мовы слухачы атрымаюць заслужаныя сертыфікаты.
Нагадаем, сёлета Летняя школа беларускай мовы сабрала больш за 15 удзельнікаў з Расіі, Польшчы і Казахстана. Сярод іх – традыцыйна студэнты МДУ імя М.В. Ламаносава, пераможцы конкурсу «Пазнай Беларусь разам з намі», які праводзіцца навуковай бібліятэкай Купалаўскага ўніверсітэта ў рамках дзейнасці Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры на базе факультэта беларускай мовы, літаратуры і культуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава.