Летнія канікулы студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта завяршыліся ўдзелам у здымках дакументальнага фільма аб злачынствах фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Дакументальны фільм рыхтуюць у рамках міждысцыплінарнага праекта «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі», у якім удзельнічаюць студэнты і выкладчыкі Купалаўскага універсітэта сумесна з Пракуратурай Гродзенскай вобласці.
У аснову сцэнарнай ідэі пакладзены злачынствы нацыстаў, учыненыя на тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці (раней - Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці). Гэтыя месцы вядомыя жорсткімі злачынствамі ў дачыненні да мірнага насельніцтва, учыненымі паліцэйскімі гарнізонамі, якія размяшчаліся ў мястэчках Турэц, Мір і ў вёсцы Жухавічы.
Здымачная каманда вяла працу ў г.п. Карэлічы, аг. Турэц, аг. Ярэмічы, в. Пагарэлка і в. Лядкі, а таксама ў в. Новае Сяло, якая паўтарыла лёс Хатыні. Удзельнікі праекта змаглі ўзяць інтэрв'ю ў жывых сведкаў і відавочцаў страшных злачынстваў нацыстаў супраць мірнага насельніцтва, перажытых у раннім дзяцінстве. Быў атрыманы вялікі блок інфармацыі, які стане не толькі асновай для дакументальнага фільма, але і дазволіць папоўніць матэрыялы крымінальнай справы, якая расследуецца. Уся праца, якая праводзіцца, накіравана на захаванне гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.
Наперадзе - апрацоўка атрыманай інфармацыі, мантаж відэафільма, праца над графічным суправаджэннем. Прэзентацыя дакументальнага фільма шырокай грамадскасці запланавана на канец 2024 года.
Дарэчы, дакументальны фільм - другі відэапраект, падрыхтаваны ў рамках міждысцыплінарнага праекта "Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі". У снежні 2023 года быў прадстаўлены дакументальны фільм «Армія Краёва: кошт здрады» аб дзеяннях бандфарміраванняў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.