У Купалаўскім універсітэце 21 сакавіка адбудзецца VII Рэспубліканская навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя студэнтаў і маладых даследчыкаў "Медыякамунікацыі ў XXI стагоддзі: традыцыі і навацыі". Пленарнае і секцыйныя пасяджэнні канферэнцыі пройдуць з 10:00 да 16:30 у дыстанцыйным фармаце на пляцоўцы выдаленай канферэнц-сувязі GoogleMeet. Праграма канферэнцыі даступна па спасылцы.
Па словах арганізатараў, сёлета канферэнцыя сабрала больш за 80 даследчыкаў з устаноў адукацыі Беларусі, у тым ліку з 7 устаноў вышэйшай адукацыі: БДУ (г. Мінск), БДУКІ (г. Мінск), МДЛУ (г. Мінск), ГрДУ імя Янкі Купалы (г. Гродна), ПДУ імя Ефрасінні Полацкай (г. Полацк), БрДУ імя А.С. Пушкіна (г. Брэст), ВДУ імя П.М. Машэрава (г. Віцебск). Упершыню ў канферэнцыі прымаюць удзел студэнты з Расійскай Федэрацыі - Расійскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта г. Растоў-на-Доне. Пашырыўся ўдзел магістрантаў і аспірантаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі, якія праходзяць навучанне ў Беларусі: дзве секцыі з удзелам кітайскіх маладых даследчыкаў адбудуцца на англійскай мове.
Старшыня праграмнага камітэта канферэнцыі, дацэнт кафедры журналістыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ганна Булгакава падкрэслівае: «З году ў год канферэнцыя расце, у праграму мы ўносім тэматычныя напрамкі, якія адпавядаюць актуальным тэндэнцыям у развіцці медыякамунікацый. У гэтым годзе да нас далучыліся маладыя гуманітарыі, навуковыя інтарэсы якіх звязаны са штучным інтэлектам. Несумненна, важным з'яўляецца і далучэнне да навукі навучэнцаў з замежных краін. Так, дзве секцыі ў праграме канферэнцыі склалі даклады магістрантаў і аспірантаў з КНР, якія раскрываюць сутнасць трансфармацыйных працэсаў у медыясферы сучаснага Кітая».
Праблемнае поле канферэнцыі ахоплівае шырокае кола пытанняў, звязаных з прасторай сродкаў масавых камунікацый: мова і стыль медыякамунікацый; традыцыйныя СМІ і новыя медыя; мастацкі тэкст у медыякультуры; актуальныя праблемы маркетынгавых камунікацый; камунікацыйная дзейнасць арганізацый у інтэрнет-прасторы; этыка і эстэтыка медыякамунікацый. Упершыню на палях канферэнцыі абмяркуюць пытанні прымянення штучнага інтэлекту ў сучасных медыякамунікацыях.
Па выніках канферэнцыі будзе падрыхтаваны зборнік матэрыялаў, які пройдзе дэпаніраванне.