З 23 па 27 верасня на пляцоўцы Міжнароднага цэнтра кампетэнцый у Казані праходзіць фінальны этап Чэмпіянату прафесійнага майстэрства «BRICS + Future Skills and Tech Challenge 2024». Купалаўцы бяруць удзел у мерапрыемстве.
У фінальным этапе бяруць удзел больш за 1000 чалавек з розных рэгіёнаў Расіі і 12 краін: Беларусі, Бразіліі, Індыі, Кітая, ПАР, Казахстана, Кыргызстана, Марока, В'етнама, Калумбіі, Філіпін, Сальвадора.
Чэмпіянат праводзіцца з мэтай фарміравання стандартаў новых прафесій і іх трансляцыі ў вядучыя кампаніі і сістэму падрыхтоўкі кадраў, трансферу лепшых сусветных практык па перспектыўных прафесіях і тэхналогіях, дэманстрацыі і апрабацыі новых і перспектыўных прафесій, развіцця новых і перспектыўных тэхналогій і навыкаў забеспячэння кадрамі высокатэхналагічных галін і праектаў.
Конкурсная частка ўключае спаборніцтвы па 17 высокатэхналагічных кампетэнцыях. Рэспубліка Беларусь прадстаўлена ў 6 з іх.
У кампетэнцыі «Графічны дызайн» за перамогу пазмагаецца студэнтка спецыяльнасці «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Дар'я Пералайка. Экспертам кампетэнцыі ад Беларусі выступіць загадчыца аддзялення мастацтваў Гуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» Алена Пракопчык-Бяляўская.
Пажадаем нашым канкурсантам упэўненага і яскравага выступлення на спаборніцкіх пляцоўках!