1 кастрычніка актыўныя і мэтанакіраваныя студэнты Купалаўскага ўніверсітэта сабраліся ў канферэнц-зале на сустрэчы з маладзёжнымі пасламі і дублёрамі ЦУР.
Урок накіраваны на знаёмства студэнтаў з Мэтамі ўстойлівага развіцця, фарміраванне разумення іх значнасці ў вырашэнні глабальных праблем сучаснасці, усведамленне ролі кожнага жыхара планеты ў працэсах рэалізацыі ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця.
Перад студэнцкай публікай выступілі пасол ЦУР №12 – студэнт 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Дар'я Навныка, а таксама дублёры паслоў Мэт устойлівага развіцця №7 і №16 Рэспублікі Беларусь – студэнт 2 курса факультэта біялогіі і экалогіі Мікіта Галаган і студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта Артур Сахарчук.
У пачатку мерапрыемства студэнтам было прапанавана выбраць эпіграф, які будзе суправаджаць занятак. У выніку купалаўцы сышліся на тым, што эпіграфам стане цытата індыйскага палітычнага і грамадскага дзеяча, аднаго з кіраўнікоў руху за незалежнасць Індыі Махатмы Гандзі – «Станце тымі зменамі, якія вы хочаце бачыць у свеце».
Прадстаўнікі ЦУР растлумачылі дзецям, што састаўнымі элементамі ўстойлівага развіцця з'яўляюцца экалагічная бяспека, эканамічны рост, сацыяльная справядлівасць і асабісты дабрабыт.
Урок прайшоў у цікавым і інтэрактыўным фармаце. Студэнты ўзаемадзейнічалі з прэзентацыйным матэрыялам, глядзелі пазнавальныя відэаролікі, выконвалі заданні, разважалі пра будучыню краіны і пра свой асабісты ўклад у яе развіццё і такім чынам вывучалі Мэты ўстойлівага развіцця.
Адзначым, што Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця – набор з 17 узаемазвязаных мэт, распрацаваных у 2015 годзе Генеральнай асамблеяй ААН у якасці «плана дасягнення лепшай і больш устойлівай будучыні для ўсіх».