2 кастрычніка пачаліся заняткі ў Школе кіраўніка. Гэты адукацыйны праект праводзіцца ў Купалаўскім універсітэце ўжо чацвёрты раз. Яго ўдзельнікамі сталі 30 чалавек з ліку кіраўнікоў, прафесарска-выкладчыцкага складу і спецыялістаў універсітэта.
Навучанне ў Школе кіраўніка дазволіць удзельнікам паглыбіць свае кампетэнцыі ў галіне стратэгічнага менеджменту, кіравання праектамі, сітуацыйнага лідэрства, кіравання зменамі, маўленчага іміджу кіраўніка. Апроч лекцыйных заняткаў плануецца правядзенне трэнінгаў, майстар-класаў, дыскусій, аўкцыёнаў ідэй.
Першы дзень заняткаў выдаўся даволі насычаным. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася рэктар універсітэта, доктар гістарычных навук Ірына Кітурка. Яна расказала пра асаблівасці кіравання універсітэтам і падзялілася сваім вопытам кіраўніцкай дзейнасці. Рэктар акцэнтавала ўвагу на згуртаванні працоўнага калектыву для вырашэння пастаўленых задач па павышэнні эфектыўнасці і якасці работы, стварэнні камфортнага маральна-псіхалагічнага клімату, падтрыманні карпаратыўных прыярытэтаў, развіцці патэнцыялу кожнага работніка.
Інфармацыйнае супрацьборства ў XXI стагоддзі і асноўныя напрамкі забеспячэння інфармацыйнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь удзельнікі школы абмеркавалі з прарэктарам па бяспецы і кадрах Аляксеем Беззубікам.
Прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Васіль Сянько ў ходзе свайго выступлення ўдзяліў асаблівую ўвагу пытанням фарміравання пазітыўнага ўспрымання работнікамі і студэнтамі праводзімай дзяржаўнай палітыкі, ідэалогіі беларускай дзяржавы, фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму, прававой, інфармацыйнай і палітычнай культуры асобы як асноўнай мэты арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўным. калектыве.
Аб кіраванні працэсам "Навукова-даследчая і інавацыйная дзейнасць", інавацыях як аснове поспеху арганізацыі і падтрымцы інавацый ва ўніверсітэце расказала прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун.
Паводле слоў арганізатараў адукацыйнага праекта, заняткі носяць арганізацыйна-дзейнасны і праектны характар, які прадугледжвае распрацоўку кожным удзельнікам уласнага прадукта ў галіне кіравання, што дасць магчымасць у далейшым удасканальваць сістэму ўніверсітэцкага менеджменту.
Навучанне ў Школе кіраўніка будзе праходзіць на працягу двух гадоў, перыядычнасць заняткаў - раз у месяц.