Галоўныя рэдактары раённых газет Гродзенскай вобласці, кіраўніцтва газеты "Гродзенская праўда", прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама і ГрДУ імя Янкі Купалы сабраліся, каб абмеркаваць асаблівасці работы раённых СМІ на сучасным этапе, а таксама выкарыстанне актуальных інструментаў манетызацыі кантэнту.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі падкрэсліў значнасць стварэння якаснага інфармацыйнага прадукту і звярнуў увагу рэдактараў на неабходнасць павелічэння аб'ёмаў манетызацыі кантэнту.
Аналізу развіцця Telegram-каналаў раённых газет свой даклад прысвяціла загадчык кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Іна Мінчук. Яна адзначыла, што з часу стварэння рэдакцыямі новых пляцовак дыстрыбуцыі кантэнту прайшло больш за год: раённыя газеты працуюць над павелічэннем колькасці падпісчыкаў, шукаюць фарматы прадстаўлення кантэнту ў сваіх Telegram-каналах, вызначаюць інструменты для прыцягнення пасродкам мессенджера чытачоў на сайты газет. Прадставіўшы досвед працы рэспубліканскіх СМІ ў дыстрыбуцыі кантэнту на платформе мессенджера Telegram, Іна Мінчук прапанавала магчымыя варыянты кантэнт-стратэгіі для Telegram-каналаў раённых газет Гродзенскай вобласці.
У дакладзе старэйшага выкладчыка кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргея Ляшука «Новае лічбавае асяроддзе як фактар развіцця рэгіянальных СМІ: мадэлі і спосабы манетызацыі медыйнага кантэнту» былі прадстаўлены сучасныя спосабы прыцягнення грашовых сродкаў пры дапамозе развіцця інтэрнэт-рэсурсаў. Сяргей Ляшук прапанаваў сучасныя варыянты працы з банернай рэкламай, распавёў пра актуальныя спосабы манетызацыі шляхам стварэння натыўнай рэкламы і прадставіў вопыт сучасных медыя па выкарыстанні краудфандынгавых платформаў.
Сваім вопытам манетызацыі кантэнту ў лічбавым асяроддзі з удзельнікамі нарады-практыкума падзяліўся дырэктар тэлерадыёвяшчальнага канала «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла. Ён распавёў пра нюансы манетызацыі кантэнту ў сацыяльных медыя, у тым ліку на хостынгу YouTube, у мессенжерах Telegram і Viber.
Рэгулярныя сустрэчы прадстаўнікоў выканаўчай улады, рэдакцый СМІ Гродзеншчыны і Купалаўскага ўніверсітэта ў рамках Інавацыйнага медыйнага кластара дазваляюць забяспечыць сувязь тэорыі і практыкі журналістыкі, а таксама дапамагаюць аператыўна рэагаваць на змены інфармацыйнай прасторы.