30 лістапада на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылася II Міжнародная навуковая канферэнцыя "Усходняя Еўропа: кантэксты сацыяльна-эканамічнага развіцця", якая аб'яднала вучоных з Беларусі і Расіі.
У час канферэнцыі ўдзельнікі падзяліліся вопытам даследавання сацыяльна-эканамічнага развіцця краін Усходняй Еўропы, абмеркавалі праблемы мадэрнізацыйных працэсаў, інвестыцыйных і спажывецкіх паводзін насельніцтва, манетарных практык, развіцця рынкаў і прадпрымальніцтва, трансфармацыі працоўных адносін ва ўмовах цыфравізацыі эканомікі і прэкарызацыі занятасці.
У адкрыцці міжнароднай канферэнцыі прыняў удзел першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі і пажадаў усім плённай працы. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Віктар Белазаровіч і намеснік дырэктара Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі па навуковай рабоце Дзмітрый Бязнюк.
Выступленні на пленарным пасяджэнні былі прысвечаны праблемам занятасці і сацыялізацыі асоб пенсіённага ўзросту ў Беларусі і Расіі. Напрыклад, загадчык кафедры эканамічнай сацыялогіі і менеджменту МДУ імя М.У. Ламаносава Сяргей Баркоў прэзентаваў даклад аб немаладых лідарах як знакавых фігурах сучаснага грамадства. Аляксандр Асееў, прафесар кафедры эканамічнай сацыялогіі і менеджменту МДУ імя М.У. Ламаносава, прадставіў сацыяльны партрэт пенсіянера ў Расіі. З вынікамі даследавання працоўнай занятасці асоб пенсіённага ўзросту ў Рэспубліцы Беларусь выступіла загадчык кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Аксана Гаўрылік.
Замежныя калегі прынялі ўдзел у канферэнцыі анлайн. Але гэта не перашкодзіла абмену меркаваннямі, канструктыўнай навуковай дыскусіі, нараджэнню новых ідэй і планаў па іх рэалізацыі.
Пасля завяршэння пленарнага пасяджэння абмеркаванне пастаўленых пытанняў было працягнута ў рамках круглага стала “Праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця краін Усходняй Еўропы. Абмен досведам даследавання». Канферэнцыя атрымалася не толькі міжнароднай, але і міждысцыплінарнай, бо былі прадстаўлены навуковыя пазіцыі даследчыкаў з розных абласцей: сацыёлагаў, эканамістаў, гісторыкаў, філосафаў, культуролагаў і палітолагаў.
Па выніках работы канферэнцыі былі падведзены вынікі, удзельнікі пакінулі самыя станоўчыя водгукі і выказалі ўпэўненасць у неабходнасці прадаўжэння такога супрацоўніцтва. Дарэчы, дадзенае навуковае мерапрыемства стала ўжо традыцыйным для кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы і сёлета прымеркавана да 15-годдзя кафедры.