4-5 кастрычніка ў ГрДУ імя Янкі Купалы пройдзе XVIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы экалогіі-2023».
Арганізатарамі навуковага форуму выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, факультэт біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У працы канферэнцыі прымуць удзел больш за 100 даследчыкаў − выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты вышэйшых навучальных устаноў; навуковыя супрацоўнікі і прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Казахстана, Зімбабвэ.
Навуковая праграма канферэнцыі ўключае 2 пленарныя пасяджэнні (11 дакладаў) і 3 секцыйныя (35 дакладаў). 60 дакладаў заяўлены на стэндавую сесію. Традыцыйна вынікі даследаванняў прадставяць навукоўцы з навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. ф. Купрэвіча НАН Беларусі, Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Балтыйскага Федэральнага ўніверсітэта імя Імануіла Канта, Кубанскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта, Пскоўскага ўніверсітэта і інш.
Удзельнікі канферэнцыі заслухаюць і абмяркуюць даклады, прысвечаныя тэарэтычным і практычным аспектам выкарыстання і павышэння ўстойлівасці водных і глебавых рэсурсаў, а таксама рэсурсаў атмасферы ва ўмовах змены клімату. Плануецца разгледзець досыць шырокі спектр пытанняў захавання біяразнастайнасці, уплыву фактараў навакольнага асяроддзя на біялагічную актыўнасць арганізмаў, удасканалення метадаў экалагічнага маніторынгу. Значная ўвага будзе нададзена пытанням развіцця харчовых тэхналогій, якія садзейнічаюць дасягненню мэтаў ўстойлівага развіцця. Таксама дакладчыкі прадставяць уласны вопыт дзейнасці па экалагічнай адукацыі і асвеце ў інтарэсах устойлівага развіцця.
Праца канферэнцыі паслужыць пашырэнню ўзаемадзеяння вучоных у сумесных навуковых і прыкладных праектах, павышэнню якасці навуковых публікацый, прыцягненню маладых талентаў у навуковае асяроддзе і раскрыццю іх навуковага патэнцыялу. З падрабязнай праграмай мерапрыемства можна азнаёміцца на сайце канферэнцыі.