14 лютага адбыўся першы семінар анлайн-школы «Інавацыйныя тэхналогіі навучання нямецкай мове». Анлайн-школа рэалізуецца ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Паўночным (Арктычным) федэральным універсітэтам імя М.У. Ламаносава горада Архангельск.
Кафедра рамана-германскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы і кафедра нямецкай і французскай філалогіі САФУ на падставе сумеснай праграмы супрацоўніцтва з 14 лютага па 20 сакавіка праводзіць Міжнародную анлайн-школу, пасля навучання ўдзельнікі атрымаюць сертыфікаты. Асваенне інавацыйных тэхналогій будзе садзейнічаць паспяховай рабоце ў будучай педагагічнай дзейнасці.
З прывітальным словам да калег і студэнтаў звярнулася загадчык кафедры рамана-германскай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Надзея Уласюк. Яна падкрэсліла важнасць і неабходнасць выкарыстання інавацыйных тэхналогій, якія аблягчаюць вывучэнне мовы, павышаюць матывацыю, фарміруюць уменне слухаць, садзейнічаюць станоўчым адносінам да вывучэння нямецкай мовы, ствараюць цікавую і жывую атмасферу.
З падзякай за супрацоўніцтва і пажаданнем плённай работы з боку САФУ да ўдзельнікаў семінара звярнулася Марыя Сакалова, загадчык кафедры нямецкай і французскай філалогіі, і Алена Шыман, дырэктар цэнтра міжнароднай акадэмічнай мабільнасці.
Студэнты дзвюх ВНУ прынялі ўдзел у вучэбна-метадычным семінары "Стварэнне відэа па ўвядзенні новай тэмы для заняткаў па замежнай мове".
Мадэратарам навучальнага семінара выступіла Ларыса Шыпіцына, прафесар кафедры нямецкай і французскай філалогіі САФУ. Купалаўцы ў гульнявой форме пазнаёміліся са сваімі аднагодкамі з Архангельска, а затым у нагляднай форме азнаёміліся з папулярнымі рэсурсамі, анлайн-платформамі і тэхналагічнымі інструментамі, з дапамогай якіх ствараюцца інтэрактыўныя відэаролікі. Студэнты змаглі прымяніць атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы, стварыўшы свае інтэрактыўныя відэа па загадзя падрыхтаванай інструкцыі. Пробныя відэа былі апублікаваныя на анлайн-дошцы для сумеснай працы (Miro-Board).
Другі семінар пройдзе 21 лютага мадэратарам выступіць дацэнт кафедры рамана-германскай філалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Таццяна Скарабагатая.
Метадычныя семінары будуць праходзіць кожны тыдзень да 20 сакавіка. Праграма онлайн-школы прадугледжвае шэраг семінараў, прысвечаных інтэрактыўным і інфармацыйным тэхналогіям на занятках па замежнай мове, а іх мадэратарамі заяўлены дацэнты і выкладчыкі абедзвюх ВНУ-партнёраў.