Канферэнцыя «Сучасныя праблемы біяхіміі і малекулярнай біялогіі» была прысвечана Году навукі і праводзілася сумесна з беларуска-польска-літоўскім семінарам «Посттрансляцыйная мадыфікацыя бялкоў: механізмы, фізіялагічная, патагенетычная роля».
Падчас навуковага форуму былі прадстаўлены вынікі навуковых даследаванняў у галіне біяхіміі, біямедыцынскай хіміі, біяхімічнай фармакалогіі і малекулярнай біялогіі.
Так, магістрант кафедры біяхіміі факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Арцём Вейко прадставіў аўдыторыі даклад па антыаксідантнай актыўнасці флаваноідаў Punica granatum L. і Populus sp. пры мадэляванні акісляльнага стрэсу. Магістрант гэтай жа кафедры Мустафа Луау распавёў аб развіцці дысфункцыі мітахондрый на працягу дыябету. А аспірантка факультэта Таццяна Ільіч прысвяціла свой выступ антыаксідантнай актыўнасці кверцэціна і комплексу ўключэння кверцэцін-гідраксіпрапіл-β-цыкладэкстрын пры акісляльным пашкоджанні мітахондрый печані пацукоў in vitro.
З дакладамі выступілі вядучыя беларускія і замежныя вучоныя-біяхімікі. Сярод іх прафесар Інстытута біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук у Познані Ян Барцішэўскі, доктар Інстытута біяхіміі і біяфізікі Юстына Мак Интайр, прафесар Інстытута эксперыментальнай біялогіі Уршула Войда, прафесар факультэта натуральных навук Універсітэта Вітаўта Вялікага Віда Мілдазіене, прафесар Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Аляксей Янцэвіч, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Аляксандр Чыркін.
Арганізатарамі навуковага форума выступілі ГА «Беларускае таварыства біяхімікаў і малекулярных біёлагаў» і Рэспубліканскае навукова-даследчае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі».
З усімі навінамі факультэта біялогіі і экалогіі можна азнаёміцца тут.