Семінар арганізаваны 8-9 лістапада фізіка-тэхнічным факультэтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, РУП «УНПЦ «Технолаб», факультэтам фізікі Універсітэта ў Беластоку (Польшча), а таксама Гродзенскім домам навукі і тэхнікі.
Удзел у сустрэчы прынялі прадстаўнікі Беларусі, Польшчы і Нідэрландаў: гэта навукоўцы, супрацоўнікі вышэйшых навучальных устаноў і студэнты.
У першы дзень семінара ў рамках работы двух секцый ўдзельнікі разгледзелі актуальныя праблемы нанатэхналогій і фізікі магнетыкаў. Так, прафесар Універсітэта Радбауда Андрэй Кірылюк распавёў пра магнетызм і абменныя ўзаемадзеянні ў атомарных кластарах, прафесар Універсітэта ў Беластоку Андрэй Ступакевіч - аб зверххуткім аптычным пераключэнні намагнічанасці. Вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАНБ па матэрыялазнаўстве Аляксандр Стогній прадставіў увазе аўдыторыі даклад пра сінтэз і ўласцівасці крышталяў магнонікі ў выглядзе плёнак ферыт-гранатаў з дыфракцыйнай рашоткі, вучоны сакратар НДІПФП імя А.М. Сеўчанкі БДУ Уладзімір Папечыц расказаў пра візуалізатар іанізуючых выпраменьванняў на аснове раствораў фарбавальнікаў. Вядучы навуковы супрацоўнік НДІПФП імя А.М. Сеўчанкі БДУ Міхаіл Пузыроў прысвяціў свой выступ лазерна-плазменным тэхналогіям апрацоўкі паверхняў розных матэрыялаў.
Сёння, 9 лістапада, у другі дзень сустрэчы навукоўцы плануюць абмеркаваць пытанні даследавання малекулярных ротараў, новыя распрацоўкі ў галіне электрагідраўлікі, а таксама прадставіць магістарскую праграму «Нанафатоніка» і электронны падручнік па рашэнні фізічных задач.