На базе адпачынку «Прывал» 5 кастрычніка адбыліся традыцыйныя лёгкаатлетычныя спаборніцтвы па трэйле – «Бабуліны казкі - 2024». У спартыўным свяце прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта.
На дыстанцыю выйшла больш за 600 чалавек. У праграму спаборніцтваў былі ўключаны дыстанцыі на 5, 10 і 20 кіламетраў, а таксама дзіцячыя забегі на 1000, 400 і 60 метраў. Трасы былі пракладзены па тэрыторыі базы адпачынку і яе наваколлях.
Удзел у такіх мерапрыемствах садзейнічае не толькі паляпшэнню фізічнага і псіхалагічнага стану чалавека, але і з'яўляецца крыніцай радасці, задавальнення і натхнення для самаразвіцця і дасягнення новых вяршыняў.
У такіх забегах рэгулярна бяруць удзел студэнты і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Дэкан факультэта фізічнай культуры Віталь Храмаў пераадолеў самую доўгую дыстанцыю - 20 км. Выкладчык кафедры тэорыі фізічнай культуры і спартыўнай медыцыны Віталь Побаль прабег 10 км. Дэкан інжынернага факультэта Дзмітрый Ліннік, намеснік дэкана факультэта фізічнай культуры Валерый Сухецкі, загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Каляга прынялі ўдзел у забегу на дыстанцыю 5 км. Не адставалі ад выкладчыкаў і студэнты факультэта фізічнай культуры, юрыдычнага факультэта, курсанты вайсковага факультэта.
У арганізацыі мерапрыемства ўдзельнічаў валанцёрскі атрад з ліку прадстаўнікоў факультэта фізічнай культуры і педагагічнага факультэта.
Па выніках спаборніцтваў купалаўцы заваявалі ўзнагароды. Пераможца на дыстанцыі 5 км – студэнт 4 курса факультэта фізічнай культуры Арцём Чамбровіч, серабро дасталася студэнту 3 курса факультэта фізічнай культуры Дзмітрыю Рацько. Пераможца ва ўзроставай групе 18-39 гадоў – Аляксей Гіль, студэнт 2 курса факультэта фізічнай культуры. У узроставай групе 50-59 гадоў сярэбраным прызёрам стаў дэкан факультэта фізічнай культуры Віталь Храмаў.
«Бабуліны казкі - 2024» застануцца ў памяці кожнага, хто ішоў па сцежках гэтай дзіўнай падзеі, нагадваючы аб тым, што сапраўдная сіла заключана не толькі ў мускулах, але і ў душы.