Напярэдадні Новага года ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы 28 снежня адбыўся святочны канцэрт.
Перад супрацоўнікамі вну выступіў рэктар Андрэй Дзмітрыевіч Кароль: «Кожны з нас - гэта свой Сусвет, са сваім рытмам часу, са сваім прыцягненнем, са сваімі жаданнямі, са сваім прызначэннем, але ўсіх нас аб'ядноўвае купалаўскі ўніверсітэт, наша альма-матэр». Андрэй Дзмітрыевіч падвёў асноўныя вынікі адыходзячага года і назваў найбольш значныя падзеі для купалаўскай ВНУ, сярод якіх 75-гадовы юбілей універсітэта, абнаўленне вонкавага аблічча ВНУ, стварэнне сучаснага медыякомплекса, студэнцкага медыяцэнтра і Каардынацыйных саветаў. Рэктар пажадаў супрацоўнікам у новым 2016 годзе ставіць перад сабою самыя смелыя мэты, усяго таго, што дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні, свету і спакою ў сем'ях, моцнага здароўя і падтрымкі блізкіх.
Творчы калектыў студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі павіншаваў купалаўскую ВНУ з навагоднімі святамі і прадставіў увазе залы яркія інструментальныя і вакальныя нумары.