У працы канферэнцыі, якая адбылася 21 - 22 мая на інжынерна-будаўнічым факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы, прымалі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў адукацыі пяці краін.
VIII Міжнародная студэнцкая навуковая канферэнцыя "Традыцыі, сучасныя праблемы і перспектывы развіцця будаўніцтва" праводзілася па трох найбольш актуальных напрамках навуковых даследаванняў у будаўніцтве - гэта гісторыя архітэктуры, архітэктура будынкаў і збудаванняў, сучасныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, метады разліку, сучасныя матэрыялы і тэхналогіі ў будаўніцтве.
Праца студэнцкага навуковага форуму была арганізавана ў два этапы. 21 мая заслухоўваліся даклады ў рамках работы кожнай секцыі. 22 мая адбылося заключнае пасяджэнне, падчас якога былі прадстаўлены лепшыя даклады і адзначаны найбольш актыўныя ўдзельнікі.
Расійская федэрацыя на міжнароднай канферэнцыі была прадстаўлена чатырма вышэйшымі навучальнымі ўстановамі: Маскоўскі дзяржаўны будаўнічы ўніверсітэт, Цюменскі індустрыяльны ўніверсітэт, Навасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт, Сібірскі дзяржаўны ўніверсітэт шляхоў камунікацый. З Кыргызстана быў заслуханы даклад дацэнта і студэнта Міжнароднага універсітэта інавацыйных тэхналогій, а таксама прадстаўнікоў Кыргызскага дзяржаўнага універсітэта будаўніцтва, транспарту і архітэктуры імя Н. Ісанава. Украіну на міжнароднай канферэнцыі прадстаўляў Нацыянальны ўніверсітэт "Львоўская палітэхніка" Інстытут архітэктур». З Рэспублікі Польшча навуковы даклад чытаў прадстаўнік Сялезскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Удзел у навуковым форуме ад беларускага боку прымалі прадстаўнікі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку, і прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта.
Па выніках працы канферэнцыі запланавана выданне зборніка навуковых артыкулаў «Традыцыі, сучасныя праблемы і перспектывы развіцця будаўніцтва», які, дарэчы, з гэтага года ўключаны ў Расійскі індэкс навуковага цытавання (РІНЦ).