Удзельнікі семінара абмеркавалі пытанні рэалізацыі міжнародных праектаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны і асаблівасці ўкаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Сярод удзельнікаў семінара - намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі - начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Ліпа, каардынатар Праграмы "Erasmus +" у Рэспубліцы Беларусь Аксана Мініч, каардынатар праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Таццяна Пранько.
Купалаўскі ўніверсітэт на нацыянальным онлайн-семінары прадстаўлялі начальнік вучэбнага аддзела Анатоль Багдзевіч і начальнік вучэбна-метадычнага аддзела па кіраванні якасцю адукацыі Дар'я Шпак. Яны падзяліліся вопытам выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у ГрДУ імя Янкі Купалы і распавялі пра тое, як праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў нашым універсітэце спрыяюць укараненню сучасных тэхналогій навучання ў адукацыйны працэс.
Дарэчы, на сённяшні дзень на базе вучэбна-метадычнага ўпраўлення Купалаўскага ўніверсітэта рэалізуюцца два праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
Гэта праект «Змены ў адукацыйным асяроддзі: прасоўванне інавацыйнага выкладання і навучання для паляпшэння адукацыйнай дзейнасці студэнтаў у краінах Усходняга партнёрства» (PRINTeL), закліканы садзейнічаць развіццю спецыяльных кампетэнцый студэнтаў і работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі, выкарыстання сучасных метадаў распрацоўкі і кіравання міжнароднымі праектамі, эфектыўнага ўдзелу ў міжнародных адукацыйных праграмах.
А таксама праект «Павышэнне якасці выкладання і навучання ва ўніверсітэтах» (UniTeLE), накіраваны на павелічэнне ўзроўню паспяховасці студэнтаў падчас навучання і будучай працоўнай дзейнасці шляхам паляпшэння ўнутранага забеспячэння якасці выкладання.