Электронная заліковая кніжка даступная студэнтам 1 курса ў іх асабістым кабінеце на адукацыйным партале. Шматфункцыянальны вэб-сэрвіс дазволіць усім, хто паступіў у Купалаўскі ўніверсітэт у гэтым навучальным годзе, з выгодай карыстацца ім.
Лічбавая інавацыя "Электронная заліковая кніжка" цалкам адпавядае папяроваму носьбіту і выконвае тыя ж функцыі, але яна мабільная і дае аператыўны доступ да інфармацыі. Інфармацыя даступная студэнтам, магістрантам, а таксама іх бацькам з любога кампутара, смартфона, планшэта ў любы час.
Укараненне электронных заліковых кніжак у ГрДУ імя Янкі Купалы стала чарговым лагічным крокам у развіцці, бо Купалаўскі ўніверсітэт – гэта інавацыйны лічбавы адукацыйны цэнтр.
- У рабят будзе доступ да экзаменацыйных ацэнак за ўвесь перыяд навучання. Таксама ім не давядзецца турбавацца аб тым, што яны забудуць залікоўку дома або страцяць яе, электронны варыянт нікуды не дзенецца. Да таго ж можна будзе аператыўна ўносіць змены ў асабістыя дадзеныя альбо звесткі, звязаныя з траекторыяй навучання, - распавялі распрацоўшчыкі.
Пры выкарыстанні электроннай заліковай кніжкі асоба студэнта на іспыце будзе пацвярджацца студэнцкім білетам. Студэнты-першакурснікі - вы сталі першымі карыстальнікамі новага прыкладання! Заходзьце, глядзіце, як усё працуе.
Знайсці электронную залікоўку вельмі проста. Трэба зайсці на адукацыйны партал пад сваім лагінам і паролем. Калі вы апынецеся на стартавай старонцы, перайдзіце ў асабісты кабінет. Сярод раздзелаў у ім вы знойдзеце электронную заліковую кніжку. Клікніце на яе. Гатова! Цяпер можна ў любы час паглядзець свае адзнакі, якія залікі і іспыты былі здадзены падчас экзаменацыйнай сесіі.
З нецярпеннем чакаем экзаменацыйную сесію і выдатныя вынікі!
У тых, хто паступіў у ГрДУ імя Янкі Купалы ў гэтым навучальным годзе, папяровага аналага заліковай кніжкі не будзе. А тыя студэнты, якія вучацца, працягнуць атрымліваць веды з традыцыйнай залікоўкай.