Студэнты факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы натхняліся мастацтвам і тварылі на ІІ рэгіянальным восеньскім дзіцяча-юнацкім і маладзёжным пленэры-конкурсе “Свяцкае натхненне”. Гэта падзея, якая стала ўжо традыцыйнай, сабрала будучых мастакоў у адным месцы – палацава-паркавым комплексе “Вялікі Свяцк Валовічаў”.
Пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў - загадчыка кафедры выяўленчага мастацтва Анатоля Бурчыка і старшага выкладчыка Таццяны Камышнікавай студэнты 2 курса спецыяльнасці "Мастацкая адукацыя" увасаблялі свае ідэі на палотнах. Месцам для творчасці стаў цудоўны палацава-паркавы комплекс “Вялікі Свяцк Валовічаў”, дзе кожны куток прапануе натхненне і тэму для працы.
Разнастайнасць творчых падыходаў і тэхнік, выкарыстаных купалаўцамі, уражвае: ад алейных фарбаў да акварэлі, ад абстракцыі да рэалізму. Кожная праца нясе ў сабе часцінку душы аўтара, яго бачанне навакольнага свету.
Не толькі працэс стварэння твораў мастацтва быў важным, але і магчымасць паказаць свае працы публіцы і журы конкурсу. Па выніках пленэру была арганізавана выстава работ. Студэнтка 2 курса спецыяльнасці “Мастацкая адукацыя” Дар'я Юцэвіч заняла ІІ месца ў маладзёжнай секцыі.
Удзел у пленэры-конкурсе стаў для студэнтаў сапраўдным выклікам і магчымасцю праявіць сябе.