У верасні ў Мінску прайшоў тыднёвы навуковы семінар «Расліннасць балот: сучасныя праблемы класіфікацыі, картаграфавання, выкарыстання і аховы». Семінар аб'яднаў больш за 50 вучоных-балотазнаўцаў з Беларусі і Расіі – прадстаўнікоў розных арганізацый навукі, адукацыі і аховы прыроды. Мерапрыемства арганізавана Інстытутам эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.
У працы семінара прыняў удзел загадчык кафедры сістэмнай біялогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар біялагічных навук Алег Созінаў. Вучоны выступіў у якасці старшыні на пасяджэнні секцыі «Флора балот, раслінныя рэсурсы», а таксама прадставіў свой даклад.
У час работы семінара прайшло абмеркаванне вынікаў даследаванняў біяразнастайнасці балот, разгледжаны актуальныя пытанні класіфікацыі і картаграфавання балотнай расліннасці, маніторынгу, прадуктыўнасці, аднаўлення балотных экасістэм, практычнага выкарыстання балот і іх аховы.
Адзін дзень семінара прайшоў на балотах Бярэзінскага запаведніка, дзе ўдзельнікі пазнаёміліся з флорай і расліннасцю балотных суполак. Алегам Віктаравічам зроблены зборы мохападобных, якія папоўнілі навуковы Гербарый ГрДУ (GRSU).
Вынікам работы семінара стане развіццё балотазнаўчай навукі ў Беларусі і абмен вопытам з замежнымі калегамі, актывізацыя інтэграцыі навукі і адукацыі, адкрыццё новых гарызонтаў для маладых вучоных, пашырэнне магчымасцей для атрымання грантаў у рамках розных праграм.
З матэрыяламі семінара можна азнаёміцца тут.