Штогадовая рэспубліканская прафсаюзная акцыя «Добры дзень, першакурснік» праходзіць па ўсёй краіне. Яе асноўная мэта – пазнаёміць рабят з дзейнасцю прафсаюзных арганізацый. Дзякуючы падобным сустрэчам моладзь, якая толькі пачынае свой навучальны шлях, даведаецца пра свае правы і абавязкі, сацыяльную падтрымку, а таксама пра культурнае і спартыўнае жыццё.
У рамках акцыі з навучэнцамі Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы сустрэлася старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Лела Шпак і галоўны спецыяліст першаснай прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў Купалаўскага ўніверсітэта Таццяна Навіцкая.
Падчас дыялогу першакурснікі даведаліся аб ролі прафсаюзнай арганізацыі ў жыцці грамадства і дзяржавы. У сваім выступленні Лела Шпак падкрэсліла, што менавіта прафсаюзы бяруць на сябе абавязкі па абароне сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў. Прафсаюзнаму руху ў краіне надаецца вялікая ўвага, і хлопцы могуць стаць яго актыўнымі ўдзельнікамі. Гэта дазволіць ім праявіць сябе і адкрыць новыя грані сваёй асобы.
Па традыцыі вынікам мерапрыемства стала ўрачыстае ўручэнне навучэнцам прафсаюзных білетаў і сувеніраў.