Вераніка Бусловіч вучылася па мэтавым накіраванні ў ГрДУ імя Янкі Купалы на педагагічным факультэце. А ў 2020 годзе дзяўчыну па яе жаданні размеркавалі ў Галынкаўскую сярэднюю школу. Напярэдадні Дня настаўніка малады педагог расказала аб тым, як праходзяць яе працоўныя будні.
Першага верасня Вераніка Бусловіч з хваляваннем сустракала трох сваіх першаклашак: сямігадовую Юлію Матушку і шасцігадовых Арцёма Пузача і Аляксандру Жураўлёву. Хоць выглядае Вераніка Іосіфаўна не старэйшыя за адзінаццацікласніц, да дзяцей яна прыйшла з добрым пасагам ведаў і навыкаў. У скарбонцы ўзнагарод маладога педагога - абласная прэмія "Паспяховы старт", граматы і падзякі ад райвыканкама, Федэрацыі прафсаюзаў, БРСМ, яе імя занесена ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. А яшчэ маладая настаўніца ў мінулым годзе прайшла адбор на абласным узроўні для ўдзелу ў конкурсе "Міс Беларусь".
Чаму ж дзяўчына выбрала прафесію настаўніка пачатковых класаў?
Вераніка Бусловіч нарадзілася ў аграгарадку Кашалі Зэльвенскага раёна. Бацькі працуюць у сельскай гаспадарцы: бацька Мікалай Аляксеевіч - механізатар у КСУП "Галынка", маці Вольга Уладзіміраўна - палявод. Яшчэ падчас вучобы ў Каралінскай сярэдняй школе Вераніка любіла гуляць у настаўніцу са старэйшай сястрой, а потым выбрала гэтую спецыяльнасць у рэальнасці, паступіўшы ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Прычым вучылася па мэтавым накіраванні, хаця прахадных балаў ёй хапіла б і для конкурсу на агульных падставах. А ў 2020 годзе дзяўчыну па яе жаданні размеркавалі ў Галынкаўскую сярэднюю школу. Акрамя таго, па парадзе дырэктара Вераніка Іосіфаўна зараз завяршае перападрыхтоўку па спецыяльнасці «настаўнік матэматыкі» і ўжо вядзе гэты прадмет у пяцікласнікаў.
У працы малады настаўнік імкнецца выкарыстоўваць тэхнікі візуалізацыі і навочнасць. Сёлета ў яе класе ўстанавілі мультыборд, які актыўна прымяняюць на кожным уроку для інтэрактыўных гульняў, фізкультхвілін, прагляду відэа.
– У верасні з першаклашкамі ўспамінаем паняцці «направа» і «налева», што такое клетачка і лінеечка, дзе трэба пачынаць пісаць у сшытку, – тлумачыць педагог. – Паступова знаёмімся з падручнікамі, я расказваю, што будзем праходзіць у далейшым. Паўтараем і актуалізуем усё, што вывучалі ў дзіцячым садку. Рабяты спраўляюцца вельмі хутка, малайцы!
Ужо ў кастрычніку першаклашкі пачынаюць вучыцца чытаць па складах. Нават калі не ведаеш літар, педагог дапамагае пераадолець усе цяжкасці.
Вераніка зазначае, што кожны дзень яна сустракаецца з новымі выклікамі, але знаходзіць у іх магчымасць для асобаснага росту і развіцця прафесійных навыкаў. Яе знаходжанне ў сельскай школе стала не толькі працай, але і своеасаблівай прыгодай, напоўненай сэнсам і значнасцю.