Чацвёрты сезон адукацыйнага праекта "Адкрытае навучанне" стартуе 11 кастрычніка.
Спікерам першай сустрэчы ў новым сезоне выступіць выпускніца філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, музычны педагог Людміла Кебіч. Госця прадставіць педагагічную дынастыю Вайтулевічы - Кебічы - Хітрушка - Кавалеўскія і падзеліцца сваімі педагагічнымі сакрэтамі. Пачатак сустрэчы а 15:00 па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 209.
Акрамя таго, у новым сезоне выкладчыкаў чакаюць прыемныя неспадзеўкі. Мадэратарамі выступяць не толькі выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Таксама пройдуць майстар-класы пераможцаў прэстыжных конкурсаў педагагічнага майстэрства "Настаўнік года Беларусі" Сяргея Шамінскага і "Медыяапедагог года Расіі" Мімозы Фахрутдзінавай. У ходзе навучальных семінараў удзельнікі пазнаёмяцца з тэхналогіямі прадуктыўнага чытання, сеткавымі праектамі, а таксама паспрабуюць знайсці адказы на пытанне, як пазбегнуць прафесійнага выгарання педагога.
Лабараторыя адукацыйных інавацый запрашае выкладчыкаў Купалаўскага ўніверсітэта на мерапрыемствы праекта - з кастрычніка па снежань два разы на месяц. Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі можна скарыстацца каляндаром праекта.
Для ўдзелу ў мерапрыемствах праекта выкладчыкам неабходна прайсці папярэднюю рэгістрацыю.