Студэнцкая навукова-даследчая археалагічная лабараторыя Купалаўскага ўніверсітэта правяла археалагічную разведку ў басейне ракі Свіслач.
20 кастрычніка студэнты спецыяльнасці «Гісторыя» – сябры Студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі, пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Гаршкова, сумесна з загадчыкам аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, кандыдатам гістарычных навук Аленай Касюк правялі археалагічную разведку ў басейне ракі Свіслач.
Асноўная тэрыторыя даследаванняў была прымеркавана да вусця ракі Свіслач і яе левага берага ў ваколіцах аграгарадка Свіслач і вёскі Карозічы. Падчас праведзеных прац, было зафкісавана 7 новых археалагічных помнікаў, сярод якіх рэшткі стаянкі-майстэрні фінальнага палеаліту (12-10 тыс. гадоў таму). Падобныя аб’екты ў басейне ракі Свіслач сустрэліся ўпершыню. Акрамя гэтага, былі зафіксаваны рэшткі паселішчаў неаліту-бронзы, познесярэднявечнага селішча і шэраг адзінкавых матэрыялаў.