У рамках праграмы «Запрошаны прафесар» з 21 па 25 кастрычніка на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта адбыўся візіт Наталлі Мацвеевай, прарэктара па навуковай рабоце і інавацыйнай дзейнасці Алтайскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, доктара сацыялагічных навук, прафесара, прафесара кафедры сацыялогіі, паліт эканомікі, загадчыка вучэбнай навукова-даследчай лабараторыі «Сацыялогія народнай адукацыі», Ганаровага работніка вышэйшай прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі.
Наталля Аляксандраўна – вядомы расійскі спецыяліст у галіне сацыялогіі адукацыі, аўтар тэорыі сацыяльнай інэрцыі адукацыі, аўтар больш за 200 навуковых работ і вучэбных выданняў, сааўтар падручнікаў па сацыялогіі і сацыялогіі адукацыі для вышэйшай школы.
Візіт Наталлі Мацвеевай уключаў у сябе правядзенне лекцыйных і практычных заняткаў, майстар-класаў і індывідуальных кансультацый для студэнтаў і магістрантаў спецыяльнасці «Сацыялогія» па актуальных праблемах узаемадзеяння чалавека і грамадства, а таксама метадалагічных пытаннях канструявання праграмы прыкладнога сацыяльнага даследавання.
Важным момантам у час знаходжання Наталлі Аляксандраўны ў Купалаўскай ВНУ сталі яе сустрэчы з кіраўніцтвам універсітэта і факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, на якіх плённа былі абмеркаваны перспектывы далейшага супрацоўніцтва паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Алтайскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам.
Акрамя таго, Наталля Мацвеева прыняла ўдзел у Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі «Маладзёжная палітыка і выхаванне моладзі ў сучасных умовах» у ГрДУ імя Янкі Купалы. Даклад Наталлі Аляксандраўны на пленарным пасяджэнні «Сучасныя даследаванні Алтайскай сацыялагічнай школы: праблемы адукацыі і моладзі ў парадыгме жыццёвых сіл чалавека і грамадства» выклікаў жывую цікавасць у аўдыторыі.
На працягу тыдня для запрошанага прафесара былі арганізаваны экскурсіі па галоўным корпусе ўніверсітэта, наведванне музея гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама аглядныя экскурсіі па гістарычных мясцінах горада Гродна.
Актыўны ўдзел у арганізацыі прыёму запрошанага прафесара прымалі загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі, доктар палітычных навук, прафесар Віктар Ватыль і дацэнт кафедры паліталогіі і сацыялогіі Ганна Касяноўская.
Гэты візіт стаў магчымасцю не толькі для акадэмічнага абмену, але і для наладжвання новых кантактаў, сяброўства і партнёрства паміж двума прэстыжнымі універсітэтамі.