З 13 па 15 лістапада намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Вольга Будзеніс прыняла ўдзел у Міжнародным форуме па абмене вопытам сярод каардынатараў валанцёрскага руху “Навучанне. Пераемнасць. Развіццё. Разам мы можам больш!» і ў форуме валанцёраў дзяржаў - удзельніц СНД "Міжнародная садружнасць праз вопыт і майстэрства валанцёрскага руху".
На гэтых мерапрыемствах былі абмеркаваны актуальныя пытанні развіцця валанцёрства, яго ўплыў на грамадства, а таксама методыкі прыцягнення і матывацыі валанцёраў. У рамках форумаў Вольга Генрыхаўна наведала розныя дыялогавыя і інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе пераняла вопыт арганізацыі валанцёрскага руху калег з іншых ВНУ Рэспублікі Беларусь і краін Садружнасці, наведала майстар-класы грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць досвед працы з валанцёрамі.
Удзельнікі форумаў усклалі кветкі да стэлы "Мінск - горад-герой", пабывалі з экскурсіяй у Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны і мемарыяльным комплексе "Хатынь".
Удзел у такіх мерапрыемствах дазваляе не толькі дзяліцца досведам, але і вучыцца ў калегаў з іншых краін, узбагачаючы свой прафесійны багаж ведаў і навыкаў. Гэта таксама садзейнічае ўмацаванню міжнародных сувязей і стварэнню плённага грамадскага дыялогу ў сферы валанцёрства і адукацыі.