Чацвёрты занятак чацвёртага сезона праекта "Адкрытае навучанне" правяла дацэнт кафедры сучасных тэхналогій праграмавання Ніна Макарава. У цэнтры ўвагі выкладчыкаў і студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта апынулася тэхналогія сеткавых праектаў.
Падчас заняткаў мадэратар адказала на тры ключавыя пытанні: "Што такое сеткавы праект?", "Навошта патрэбны сеткавы праект?", "Як распрацаваць першы сеткавы праект?".
Па словах мадэратара, тэхналогія сеткавых праектаў - гэта дыстанцыйная тэхналогія, якая дазваляе арганізаваць мэтанакіраваную дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў па пэўным плане для вырашэння пошукавых, даследчых, практычных задач па любым кірунку зместу адукацыі.
- Тэхналогія сеткавых праектаў прадугледжвае пяць аперацыйных этапаў, - падкрэсліла Ніна Пятроўна. - Гэта пастаноўка праблемы, планаванне дзейнасці, пошук інфармацыі, стварэнне канчатковага прадукта і прэзентацыя яго магчымасцяў. Усе этапы працы фіксуюцца на сайце праекту.
Мадэратар занятку прадэманстравала платформу «Купалаўскія праекты», прывяла прыклады работ удзельнікаў міжнароднага дыстанцыйнага адукацыйнага марафону па распрацоўцы сеткавых праектаў, адказала на пытанні, якія датычыліся дыдактычных мэт сеткавых праектаў, дзейнасці сеткавых супольнасцяў педагогаў, фарміравання і трансляцыі асабістага вопыту.
Запрашаем выкладчыкаў і студэнтаў прыняць удзел у абмеркаванні пытанняў фармавання асноў крытычнага мыслення. Мадэратарам навучальнага семінара выступіць дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Алена Здановіч. Занятак адбудзецца 28 лістапада 2024 года ў аўдыторыі 218а галоўнага корпуса ўніверсітэта. Пачатак у 15.05.
Адкрытае навучанне - гэта пошук карыснага і дэманстрацыя лепшага! Далучайцеся!