13 снежня адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды - 2023/2024, студэнтаў, трэнераў і работнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел ганаровыя госці– старшыня валейбольнага клуба «Гродзенскі камунальнік» Яўген Ародзь, намеснік дырэктара Дзяржаўнай установы «Гродзенскі абласны комплексны цэнтр алімпійскага рэзерву» Таццяна Талако, галоўны трэнер жаночай баскетбольнай каманды «Алімпія» Вікторыя Дацун.
Сёння спорт – адзін з найважнейшых спосабаў умацавання міжнароднага аўтарытэту Рэспублікі Беларусь. Адзначым, што сярод беларусаў, якія паспяхова пакаралі еўрапейскія і сусветныя вяршыні, годна прадстаўлены спартсмены Купалаўскага ўніверсітэта. Яны – спартовая слава і гонар універсітэту! Але ўсіх гэтых узнагарод не было б без укладу трэнераў-выкладчыкаў ВНУ.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка ў нестандартнай форме звярнулася да ўдзельнікаў урачыстасці – у фармаце відэа. Яна дыстанцыйна падзякавала спартсменам, іх настаўнікам і пажадала далейшых поспехаў. Ірына Фёдараўна не магла пакінуць купалаўцаў без падарунка, таму яна вырашыла зрабіць спецыяльны сюрпрыз. У якасці падарунка рэктар падрыхтавала фільм пра спартыўныя падзеі ўніверсітэта, створаны сумесна з Цэнтрам па сувязях з грамадскасцю. Ён стаў яркім адлюстраваннем дасягненняў і ўпартасці спартсменаў, іх імкнення да перамогі і каманднай працы. Пад незабыўную песню «Каманда маладосці нашай» у фільме былі паказаны моманты трыумфаў, якія натхнілі ўдзельнікаў і гледачоў.
З кароткай інфармацыяй аб спартыўных дасягненнях універсітэта па выніках 2023/2024 навучальнага года выступіў начальнік Спартыўнага клуба ўніверсітэта Кірыл Акуліч.
Спартсмены, якія заваявалі медалі і прызавыя месцы, былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Кожнаму пераможцу давалася магчымасць выйсці на сцэну, дзе іх віншавалі ганаровыя госці і прарэктары. Гучалі словы падзякі за ўпартасць і працу, укладзеныя ў падрыхтоўку да спаборніцтваў.
Асаблівая ўвага была ўдзелена трэнерам, якія адыгралі ключавую ролю ў поспехах сваіх падапечных. Лепшыя трэнеры былі ўзнагароджаны спецыяльнымі сертыфікатамі і памятнымі падарункамі, што стала знакам прызнання іх укладу ў развіццё спартыўнай культуры ўніверсітэта.
Такое ўшанаванне стала не толькі святам поспеху, але і стымулам для далейшых перамог. Атмасфера адзінства і падтрымкі, якая панавала ў зале, натхніла ўсіх прысутных на новыя дасягненні і ўмацавала дух спартыўнай каманды Купалаўскага ўніверсітэта.