Рабочыя пасяджэнні даследчых груп Міжнароднай Асацыяцыі даследчыкаў мовы медыякамунікацыі арганізаваны прадстаўнікамі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы.
Міжнародная Асацыяцыя даследчыкаў мовы медыякамунікацыі (МАДММ) з'яўляецца прафесійнай навуковай супольнасцю, якая аб'ядноўвае навукоўцаў розных краін, якія вывучаюць мову медыякамунікацыі. Асацыяцыя была створана ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце ў 2024 годзе на базе Інстытута "Вышэйшая школа журналістыкі і масавых камунікацый" па ініцыятыве прафесара Ліліі Дускаевай.
Сёння Асацыяцыя аб'ядноўвае 23 даследчыя групы, у склад якіх уваходзяць вучоныя з Беларусі, Расіі, Індыі, Кітая, Балгарыі, Сербіі, Італіі, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана і іншых краін.
Прадстаўнікі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму прымаюць непасрэдны ўдзел у рабоце Асацыяцыі. Так, дацэнт кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык уваходзіць у склад навуковага кансультацыйнага савета, а таксама выступае навуковым сакратаром даследчай групы «Граматыка і прагматыка дэйксісных і страявых адзінак у медыямове» пад кіраўніцтвам прафесара Марыі Канюшкевіч. Загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук з'яўляецца кіраўніком даследчай групы "Культурна-гістарычны аспект у даследаванні мовы медыятэксту", дацэнт кафедры журналістыкі Анастасія Зязюлевіч выступае вучоным сакратаром названай групы. У склад даследчай групы ўваходзяць таксама дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч і дацэнт кафедры журналістыкі Ірына Герасімчык. Ірына Аляксандраўна з'яўляецца таксама вучоным сакратаром даследчай групы “Медыятэкст у методыцы навучання замежным мовам” пад кіраўніцтвам прафесара Алены Стаянавай з Шуменскага ўніверсітэта імя епіскапа Канстанціна Праслаўскага (Балгарыя).
У ходзе правядзення рабочых пасяджэнняў даследчых груп абмеркаваны планы работы на 2025 год, тэматыка міжнародных даследаванняў, вынікі якіх будуць прадстаўлены на навуковых канферэнцыях на працягу года, а таксама на пленарных сесіях IX міжнароднай навуковай канферэнцыі "Мова ў каардынатах масмедыя" летам 2025 года ў Санкт- Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце.
Даведацца больш падрабязную інфармацыю аб Міжнароднай Асацыяцыі даследчыкаў мовы медыякамунікацыі, пазнаёміцца з даследчымі групамі Асацыяцыі можна на сайце аб'яднання.