28 лютага ў музеі гісторыі развіцця Купалаўскага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра патрыятычнага выхавання.
На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты, выкладчыкі і ганаровыя госці. У ліку ганаровых гасцей – памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў; дырэктар ПСУП «АрыгонБуд», падраднай арганізацыі, якая праводзіла рамонтныя работы, Сяргей Сучылкін; кіраўнік студыі «3Д плюс дызайн», аўтар дызайнерскага праекта цэнтра Ігар Мазалевіч; дызайнер навукова-вытворчага камерцыйнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «САТМЕН» Яўген Ярашынскі; кандыдат гістарычных навук, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Валерый Чарапіца.
Адкрыла мерапрыемства рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
– Сёння ў нашым універсітэце свята – мы адкрываем Цэнтр патрыятычнага выхавання. Як сказаў Кіраўнік нашай дзяржавы, «выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт». І гэта праўда. Праз гісторыю нашага ўніверсітэта, на прыкладзе патрыётаў, якія жылі і тварылі на карысць асобы, грамадства і дзяржавы, мы будзем выхоўваць патрыётаў нашай краіны, – сказала Ірына Фёдараўна.
Падчас свайго выступу рэктар адзначыла, што ўсе студэнты-купалаўцы вывучаюць гісторыю навучальнай установы на факультатыўным курсе «Гісторыя Гродзенскага ўніверсітэта». Таксама яна падзякавала навукоўцам, якія ажыццяўлялі дакументальнае суправаджэнне пры афармленні Цэнтра, дызайнераў, прадстаўнікам падрадных арганізацый, якія ўвасаблялі ідэі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён павіншаваў калектыў універсітэта з 85-гадовым юбілеем, пажадаў поспехаў у вучобе, рабоце, моцнага здароўя і мірнага неба над галавой.
– Для мяне Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – гэта ўзор актыўнай пазавучэбнай дзейнасці, згуртавання студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў. У вашым універсітэце колькасць мерапрыемстваў выхаваўчай, ідэалагічнай скіраванасці такая, што сваім запалам вы натхняеце паўкраіны. Вельмі прыемна, што вы выхоўваеце любоў да сваёй навучальнай установы, – падкрэсліў Юрый Хаджымуратовіч.
На гістарычную значнасць дакументаў, якія знаходзяцца ў Цэнтры патрыятычнага выхавання, звярнуў увагу прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы Валерый Чарапіца, які стаяў ля вытокаў стварэння музея гісторыі развіцця ўніверсітэта.
Ва ўрачыстым пераразанні сімвалічнай чырвонай стужкі, якое азнаменавала адкрыццё Цэнтра патрыятычнага выхавання, прынялі ўдзел рэктар універсітэта Ірына Кітурка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і дырэктар ПСУП «АрыгонБуд» Сяргей Сучылкін.
Што да афармлення Цэнтра, то тут прадстаўлены ўнікальныя экспазіцыі, якія адлюстроўваюць пяць ключавых тэм: адукацыя і станаўленне універсітэта, развіццё факультэтаў, навуковыя дасягненні, спартыўныя дасягненні, грамадскае і студэнцкае жыццё.
Таксама наведвальнікі могуць пазнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай генацыду беларускага народа і аб'яднанню Заходняй і Усходняй Беларусі, убачыць унікальныя артэфакты. Сярод іх – заліковая кніжка студэнта першага набору педагагічнага інстытута 1940-1941 гадоў Віталя Таранкі, які здаў апошні залік па дысцыпліне «Педагогіка» 21 чэрвеня і на наступны дзень пайшоў на фронт.
Пасля экскурсіі наведвальнікі могуць напісаць пра свае ўражанні і пажаданні ў Кнізе наведвальнікаў музея. Першым свой запіс зрабіў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў.
Адзначым, адкрыццё Цэнтра патрыятычнага выхавання прайшло ў рамках святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 85-годдзя Купалаўскага ўніверсітэта.