Студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пазмагаліся за званне найлепшых правазнаўцаў. 5 лістапада на базе Акадэміі МУС прайшла алімпіяда сярод навучальных устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў па юрыдычных спецыяльнасцях.
Прававая алімпіяда - інтэлектуальнае спаборніцтва, якое праводзіцца з мэтай папулярызацыі сярод навучэнцаў высокага ўзроўню ведаў, пашырэння іх кругагляду і развіцця здольнасцяў. Для студэнтаў гэта выдатная магчымасць асобаснага росту і інтэлектуальнага развіцця, а таксама пошуку новых сяброў і аднадумцаў, больш за тое - гэта магчымасць дакрануцца да перадавых магчымасцяў навуковых даследаванняў.
Каманда купалаўцаў выступіла ў чвэрцьфінале Рэспубліканскай праваахоўнай алімпіяды і паказала дастойны вынік. У склад інтэлектуалаў каманды «Купалаўцы» ўвайшлі студэнты 3 курса спецыяльнасці «Правазнаўства» юрыдычнага факультэта Данііл Ялагін, Ангеліна Макаранка, Арцём Сівак і студэнт 4 курса спецыяльнасці «Мытная справа» Уладзіслаў Курлянчык.
- Для мяне ўдзел у алімпіядзе стаў новым і цікавым вопытам. Для студэнтаў юрыдычнага факультэта важна прымаць удзел у прававых алімпіядах, бо з'яўляецца магчымасць прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы. Адбор удзельнікаў уключаў у сябе такія заданні, як напісанне эсэ і здыманне відэароліка. Было прапанавана чатыры тэмы эсэ, дзе кожны ўдзельнік каманды павінен быў выбраць пэўную тэму і напісаць па ёй сачыненне, - распавёў студэнт 4 курса юрыдычнага факультэта Уладзіслаў Курлянчык.
Удзел у алімпіядзе стаў каштоўным вопытам для купалаўцаў, а таксама дапамог замацаваць і паглыбіць веды, уменні і навыкі.