Савецкі і расійскі спартсмен, змагар класічнага (грэка-рымскага) стылю, трохразовы пераможца Алімпійскіх гульняў, дзевяціразовы чэмпіён свету, 12-разовы чэмпіён Еўропы, 13-разовы чэмпіён СССР, доктар педагагічных навук – гэта ўсё Аляксандр Карэлін. І сёння ён ужо другі раз сустрэўся з купалаўцамі. Першая сустрэча адбылася ў кастрычніку 2021 года, тады яму было нададзена званне Ганаровага прафесара.
Без Аляксандра Карэліна немагчыма ўявіць гісторыю сусветнага спорту. Таму для ўсіх удзельнікаў гэтая сустрэча стала асаблівай. Не толькі купалаўцы былі рады знаходзіцца ў зале, але і сам Аляксандр Карэлін адзначыў, што з вялікім задавальненнем вярнуўся ў сцены Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
– Заўсёды прыемна гаварыць з жывой аўдыторыяй, з зацікаўленымі слухачамі, таму не мог не наведаць Купалаўскі ўніверсітэт ізноў. Першы раз у сценах універсітэта я апынуўся па запрашэнні Заслужанага трэнера СССР па грэка-рымскай барацьбе Вячаслава Максімовіча. На гэты раз зносіны таксама прайшлі на адным дыханні, было прыемна бачыць, што людзі прыйшлі не проста так, а што яны сапраўды хацелі нешта для сябе запазычыць, – адзначыў Аляксандр Карэлін.
Аляксандр Карэлін акцэнтаваў увагу на значнасці такога фармату сустрэч з моладдзю і адзначыў, што яны маюць асаблівую каштоўнасць для яго. У ходзе размовы трохразовы алімпійскі чэмпіён падзяліўся сваім жыццёвым вопытам і расказаў пра шлях у спорце. Несумненна, адказаў на ўсе пытанні, якія прагучалі ў залі. Яны былі самымі рознымі і датычыліся не толькі спартыўнай кар'еры, бо Аляксандр Карэлін не толькі вялікі спартсмен, але вельмі цікавы чалавек.
Візіт меў і працоўны бок. Важна было абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва ў спартыўным шляху. Таксама не менш важна абменьвацца метадычнымі напрацоўкамі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Беларусь выдатна паказвае сябе на спаборніцтвах, вядома, вялікі ўклад у гэтыя перамогі ўносіць гродзенская школа барацьбы.
Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, Ірына Кітурка адзначыла, што для купалаўцаў вялікі гонар зноў прымаць Аляксандра Карэліна ў сценах універсітэта. Асабліва гэта важна для моладзі, спартсменаў-пачаткоўцаў, бо такія сустрэчы вельмі натхняюць.
Студэнт 3 курса факультэта фізічнай культуры Вадзім Міцько, які займаецца цяжкай атлетыкай, з задавальненнем падзяліўся ўражаннем ад сустрэчы:
– Аляксандр Карэлін сваім прыкладам паказвае, што дысцыпліна і ўпартая праца дапамагаюць усё пераадолець і дасягнуць любых вяршыняў. Думаю, такія зносіны сталі натхняльнымі не толькі для мяне, але і для ўсіх спартсменаў.
Удзельнікі сустрэчы вельмі доўга не адпускалі госця. І гэта нядзіўна, бо Аляксандр Карэлін выдатны аратар, якога цікава слухаць. Дыялог з такім вялікім чалавекам сапраўды застанецца ва ўсіх удзельнікаў не толькі ў памяці, але і ў сэрцы.