23 лістапада на базе Мінскай духоўнай семінарыі адбыўся XIХ Семінар студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі «Праваслаўе і сучаснасць: актуальныя праблемы чалавецтва ў глабалізаваным свеце (да 35-годдзя адраджэння Мінскай духоўнай семінарыі)».
На працягу многіх гадоў Мінская духоўная семінарыя з'яўляецца арганізатарам маладзёжнага навуковага форуму, удзельнікамі якога з'яўляюцца студэнты вышэйшых духоўных і свецкіх навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Мэтай правядзення такіх мерапрыемстваў бачыцца стварэнне ўмоў для маладзёжнага дыялога, арыентаванага на асэнсаванне светапоглядных пытанняў і ўсведамленне значнасці традыцыйных духоўных каштоўнасцей.
У бягучым годзе тэмай міжвузаўскага студэнцкага семінара з'яўляецца пытанне значнасці духоўнай спадчыны Праваслаўнай Царквы для беларускага грамадства, якое перажывае мноства выклікаў у кантэксце развіцця сучаснай цывілізацыі. Да ўдзелу ў форуме былі запрошаны студэнты, магістранты і аспіранты вышэйшых навучальных устаноў, якія маюць дзейныя дагаворы аб супрацоўніцтве з Мінскай духоўнай семінарыяй.
У семінары прынялі ўдзел студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, прадстаўнікі студэнцкага навукова-даследчага гуртка «Ніка» Яўген Мацута, Мікіта Ляўковіч і Канстанцін Жукоўскі. Студэнты прадставілі даклады, прысвечаныя розным аспектам гісторыі Праваслаўнай царквы на Гродзеншчыне.
Праграма семінара прадугледжвала правядзенне дзвюх тэматычных секцый «Праваслаўе ў гісторыі беларускага народа» і «Праваслаўе і сучаснасць». У рамках секцыйных пасяджэнняў прагучалі 22 даклады, якія суправаджаліся ажыўленай дыскусіяй.
Па выніках XIХ Семінара студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі ў выдавецтве Мінскай духоўнай семінарыі выйдзе зборнік матэрыялаў, публікацыя якога запланавана на сярэдзіну 2025 года.