Маштабная падзея сабрала амаль 500 дэлегатаў. У рамках з'езда было падпісана Генеральнае пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзамі на 2025-2027 гады.
Прывітальны адрас ад імя Кіраўніка дзяржавы, накіраваны ўдзельнікам з'езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, быў зачытаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімірам Пярцовым. У сваім выступе ён таксама павіншаваў членаў ФПБ з 35-годдзем арганізацыі. У рамках з'езда старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Юрый Сянько вызначыў мэты, якія трэба дасягнуць самай буйной грамадскай арганізацыі на працягу наступных пяці гадоў.
Удзел у з'ездзе прыняў прафсаюзны актыў усёй краіны, а таксама прадстаўнікі органаў улады, міністэрстваў і ведамстваў, найбуйнейшых прадпрыемстваў. Сярод гасцей былі і прадстаўнікі замежных прафцэнтраў, з якімі беларускія прафсаюзы супрацоўнічаюць не першы год. Сярод удзельнікаў быў і прадстаўнік Купалаўскага ўніверсітэта – старшыня цэхавай арганізацыі Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Вадзім Весялуха.
На сустрэчы былі ўзняты важныя пытанні, якія датычацца працы прафсаюзаў у Беларусі па павелічэнні заработнай платы, забеспячэнні насельніцтва прадуктыўнай занятасцю, удасканаленні заканадаўства, абароне працоўных правоў і іншых аспектаў.
Удзельнікі абмеркавалі вынікі дзейнасці прафсаюзаў і вылучылі асноўныя задачы грамадскай арганізацыі па развіццю розных галін эканомікі краіны. Гэтыя абмеркаванні накіраваны на паляпшэнне ўмоў працы і жыцця работнікаў, а таксама на падтрымку і развіццё розных сфер дзейнасці ў краіне.