У рамках Тыдня студэнцкага сукіравання ў Купалаўскім універсітэце прайшла дыялогавая пляцоўка "Моладзь і выбары: формула адказнасці". Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка абмеркавала з рабятамі электаральную кампанію. У зале сабраліся студэнты, якія ўпершыню ў сваім жыцці будуць галасаваць на выбарах Прэзідэнта.
Як адзначыла Ірына Кітурка, дыялогавыя пляцоўкі ўжо даўно сталі звычайнай практыкай у Купалаўскім універсітэце. Моладзь актыўна ўключаецца ў абмеркаванне самых розных пытанняў. Напрыклад, серыя сустрэч была прысвечана ўнясенню змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, таксама студэнты і спікеры абмяркоўвалі Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, былі пляцоўкі, прысвечаныя Адзінаму дню галасавання.
Цяпер перад купалаўскай моладдзю ўжо не стаіць пытанне, навошта прымаць удзел у абмеркаваннях, навошта хадзіць на выбары. Студэнты выдатна разумеюць, што калі яны зараз не зробяць выбар, не ўнясуць прапановы, то за іх гэта зробіць нехта іншы.
- Ва ўніверсітэце праводзіцца планамерная праца па ўцягванні моладзі не толькі ва ўніверсітэцкія працэсы, але і дзяржаўныя. Таму сённяшняя дыялогавая пляцоўка - гэта рабочая сустрэча, звычайны для нас фармат. Зразумелая справа, што з усімі, хто ўпершыню галасуе, сустрэцца ў нас не атрымаецца па аб'ектыўных прычынах. Такіх рабят ва ўніверсітэце амаль 2500, - распавяла Ірына Кітурка. – Але на сустрэчах заўсёды прысутнічае студэнцкі актыў, які потым на факультэтах абмяркуе гэтае актуальнае пытанне са студэнтамі.
Ва ўніверсітэце падобных пляцовак на працягу ўсёй электаральнай кампаніі будзе шмат, з рознымі спікерамі. Дыялог з рэктарам даў старт абмеркаванням. У ходзе сустрэчы было падкрэслена, што выбары з'яўляюцца фундаментальным прынцыпам дэмакратыі, які дае магчымасць выказаць сваё меркаванне і ўплываць на палітычныя працэсы ў краіне.
Чым больш людзей удзельнічае ў выбарах, тым большую легітымнасць мае абраны ўрад. Гэта спрыяе больш справядліваму прадстаўленню інтарэсаў розных пластоў грамадства.
Таксама выбары дазваляюць грамадзянам выбіраць тых, хто будзе бараніць іх правы і свабоды. Што, несумненна, дапамагае выбаршчыкам уплываць на законы і палітыку, якія фарміруюць агульны ўклад жыцця ў краіне.
Акрамя таго, у рамках дыялогавай пляцоўкі рэктар звярнула ўвагу на бяспечныя паводзіны ў сетцы, нагадала аб небяспецы ашуканцаў і дэзінфармацыі, якой на прасторах інтэрнэту вельмі шмат.
Завяршылася дыялогавая пляцоўка словамі Ірыны Кітуркі аб тым, што ў любой сітуацыі важна не заставацца абыякавым, не толькі на выбарах ці іншых дзяржаўна важных падзеях. А і проста ў паўсядзённым жыцці быць актыўнымі, падтрымліваць адзін аднаго і ствараць камфортнае адукацыйнае асяроддзе, дзе кожны будзе адчуваць сябе як дома.